Два польскія заводы закрываюць вытворчасць ва Украіне. Гэта кампаніі Barlinek i Cersanit, якія з'яўляюцца ўласнасцю польскага мільярдэра Міхала Салавова. Рашэнне было прынятае пасля абстрэлу расіянамі завода Cersanit у горадзе Звягель Жытомірскай вобласці ў ноч з 15 на 16 кастрычніка, паведамляе Radio Zet. Гэта другая атака на завод за апошнія два месяцы. Будынак прадпрыемства атрымаў сурʼёзныя пашкоджанні, ніхто са штата кампаніі не пацярпеў.
Ранейшая атака расійскага беспілотніка ў ноч з 11 на 12 верасня таксама нанесла значныя страты прадпрыемству. Так, былі пашкоджаныя многія ключавыя элементы працэсу вытворчасці керамічнай пліткі. Тады паведамлялася, што аднаўленне вытворчых магутнасцей можа заняць да шасці месяцаў.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Міхал Салавоў і яго менеджары прыйшлі да высновы, што ва ўмовах вайны нельга забяспечыць бяспеку супрацоўнікаў завода. Іншай прычынай быў маштаб пашкоджанняў, у сувязі з чым было прынятае рашэнне цалкам спыніць вытворчасць.
У групе Cersanit у Жытомірскай вобласці працуе амаль 1 тыс. чалавек, а на заводзе Barlinek у Вінніцы — больш за 700 чалавек.
Cersanit — гэта буйны міжнародны холдынг з Польшчы, які вырабляе тавары для ванных пакояў і керамічную плітку. У сваю чаргу Barlinek — буйная польская прамысловая група, якая ўваходзіць у лік вядучых сусветных вытворцаў шматслойных драўляных падлогавых пакрыццяў: паркету, падлогавай дошкі і ламінату. Кампанія ўваходзіць у тройку найбуйнейшых вытворцаў паркетнай дошкі ў свеце.
вс