Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Польшчы за дзесяць гадоў на 200 тысяч скарацілася колькасць фермерскіх гаспадарак 

27.10.2026 18:32
Сярод галоўных праблем — рост коштаў на паліва, угнаенні і іншыя сродкі вытворчасці, дэфіцыт вады і непрадказальнае надвор’е.
Ілюстрацыя Фото: shutterstock/Octa corp

Польская сельская гаспадарка сутыкаецца з эканамічнымі цяжкасцямі, наступствамі змены клімату і недахопам маладых працаўнікоў. Больш за тое, частка фермераў ужо не можа ўтрымліваць сем’і за кошт даходаў ад сваёй працы, а некаторыя разглядаюць магчымасць закрыцця гаспадарак. Пра гэта піша Energetyka24, аналізуючы даклад пра будучыню польскай сельскай гаспадаркі, падрыхтаваны з удзелам саміх фермераў.

За апошнія дзесяць гадоў колькасць гаспадарак у Польшчы скарацілася прыкладна на 200 тысяч. Пры гэтым больш за чвэрць фермераў заяўляюць, што не могуць утрымліваць сябе і сем’і дзякуючы сельскай гаспадарцы, а амаль кожны пяты думае пра спыненне дзейнасці.

Аўтаркі дакладу эканамісткі Ганна Якубоўская і Ганна Севёрэк падкрэсліваюць: «Устойлівая і справядлівая трансфармацыя сельскай гаспадаркі не можа праектавацца выключна экспертным асяроддзем і асобамі, якія прымаюць рашэнні». Будучыня галіны, на іх думку, павінна ўлічваць досвед і патрэбы саміх фермераў.

Сярод галоўных праблем — рост коштаў на паліва, угнаенні і іншыя сродкі вытворчасці, дэфіцыт вады і непрадказальнае надвор’е. Аўтаркі адзначаюць, што меншыя гаспадаркі асабліва ўразлівыя праз слабейшыя пазіцыі ў перамовах з закупшчыкамі і гандлёвымі сеткамі.

Аўтаркі даследавання прапануюць узмацніць дзяржаўны кантроль за рынкам, развіваць мясцовыя каналы продажу і скарачаць колькасць пасярэднікаў. Без больш справядлівых цэн і стабільных умоў працы перадача гаспадарак наступным пакаленням палякаў можа стаць усё больш складанай.

эж