Дзень усіх святых стымулюе не толькі гандаль і вытворчасць знічак, але і сезонны рынак працы, канстатуюць аўтары справаздачы Personnel Service. Паводле дакладу, на гандлі перад могілкамі за некалькі дзён можна зарабіць больш, чым на працягу месяца на поўнай стаўцы, паведамляе старонка Money.pl.
Паводле дадзеных Міжнароднага гандлёвага цэнтра (International Trade Centre), у 2025 годзе Польшча экспартавала знічак амаль на 3 мільярды злотых (амаль 682 мільёны еўра). Гэта складае 16,3% сусветнага экспарту і ставіць Польшчу на трэцяе месца ў свеце і першае ў Еўропе. Больш за траціну гэтай прадукцыі ідзе ў Германію, а наступнымі па велічыні рынкамі збыту з'яўляюцца Нідэрланды, Бельгія, Румынія і Чэхія.
Польшча таксама зʼяўляецца чацвёртым па велічыні экспарцёрам штучных кветак у свеце. Кошт экспарту гэтай прадукцыі ў мінулым годзе дасягнуў 199 мільёнаў злотых (больш за 45 мільёнаў еўра), што на 65% больш, чым у папярэднім годзе. Польскія штучныя кветкі ў асноўным экспартуюцца ў Германію, Чэхію і Славакію.
Між тым, падрыхтоўка да святаў, якія адзначаюцца 1 і 2 лістапада, пачынаецца на многа раней чым нам здаецца, то бок летам, а ў жніўні і верасні фабрыкі шукаюць дадатковых работнікаў. Кастрычнік — гэта пікавы перыяд, калі дадатковых супрацоўнікаў шукаюць склады і транспартныя кампаніі, якія дастаўляюць тавары. Калі мы купляем знічкі і кветкі, сезон на фабрыках фактычна заканчваецца.
— Без сезоннай і часовай працы многія кампаніі не змаглі б выконваць заказы, у тым ліку на экспарт, — адзначыў Кшыштаф Інглот з Personnel Service.
Эксперты падкрэслілі, што продаж кветак і знічак або ўборка магіл — гэта дзейнасць, якой фізічныя асобы могуць легальна займацца, не рэгіструючы бізнесу. Аднак існуе абмежаванне на даход. З 2025 года ён разлічваецца штоквартальна, а ў 2026 годзе складае 10 813 злотых (больш за 2 457 еўра). Гэта 75% ад мінімальнай заработнай платы за кожны з трох месяцаў квартала.
— Калі вы загадзя купіце тавары ў вытворцы або аптавіка і знойдзеце добрае месца каля могілак, за некалькі дзён вы можаце зарабіць больш, чым за месяц працы на поўнай стаўцы, – кажа эксперт.
Напрыклад, свежыя кветкі ў гаршку каштуюць у вытворцы 15-30 злотых (3,40- 6,80 еўра), а ля могілак яны дасягаюць цаны 30-70 злотых (6,80 -15,90 еўра). Тады прадавец, які купляе ў вытворцы 100 хрызантэм і прадае іх на 20 злотых (4,54 еўра) даражэй, заробіць прыкладна 2 000 злотых (больш за 454,5 еўра) толькі на кветках, падлічваюць эксперты.
Дадаткова аўтары справаздачы адзначылі, што мыццё і ўборка надмагільных помнікаў — гэта адна з самых папулярных падпрацовак да 1 лістапада. Паводле справаздачы, простая ўборка аднаго надмагільнага помніка звычайна каштуе 80-200 злотых (18 — 45 еўра), але прафесійная — нават 350-450 злотых (79 —102 еўра).
PAP/аз