Кошт самой базы ацэньваецца прыкладна ў тры мільярды злотых. Аднак гэта толькі частка выдаткаў. Яшчэ некалькі дзясяткаў мільярдаў могуць спатрэбіцца на будаўніцтва жылля, школ, дзіцячых садкоў і шпіталя для амерыканскіх вайскоўцаў і членаў іх сем'яў.
Пра гэта ў інтэрв'ю газеце расказаў генерал Дарыюш Лукоўскі, былы кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы, які займае кіроўную пасаду ў Міністэрстве нацыянальнай абароны.
Паводле генерала, канчатковае рашэнне аб стварэнні базы павінен прыняць прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Толькі пасля гэтага можна будзе вызначыць яе месцазнаходжанне, колькасць вайскоўцаў і характар размешчаных там падраздзяленняў. Сам інвестыцыйны працэс зойме не менш за тры гады.
Сярод магчымых месцаў размяшчэння базы называюцца Уроцлаў, Познань, Быдгашч і Шчэцін.
Кожны з гэтых гарадоў мае свае перавагі. Уроцлаў падыходзіць для размяшчэння бранятанкавай брыгады, Шчэцін мае развітую партовую інфраструктуру, у Быдгашчы знаходзяцца важныя структуры камандавання НАТА, а ў Познані ўжо дзейнічае перадавы камандны пункт Пятага корпуса арміі ЗША.
Генерал Лукоўскі падкрэсліў, што Польшча зацікаўленая перадусім у такіх амерыканскіх падраздзяленнях, якія дапамогуць ліквідаваць недахопы ў яе ўласных абаронных магчымасцях. У прыватнасці, гаворка ідзе пра сістэмы высокадакладнага паражэння цэляў на вялікай адлегласці. Гэта дазволіла б ужо цяпер узмацніць патэнцыял стрымлівання.
Асобная праблема — сацыяльная інфраструктура. Калі ў Польшчу прыедуць пяць тысяч амерыканскіх вайскоўцаў, то разам з сем'ямі іх колькасць можа дасягнуць як мінімум пятнаццаці тысяч чалавек.
Таму стварэнне базы, падкрэслівае суразмоўца «Rzeczpospolita», — гэта не толькі задача Міністэрства абароны, але і маштабны дзяржаўны праект, у якім павінны ўдзельнічаць таксама ведамствы адукацыі і аховы здароўя.
яс