Усё часцей яны выбіраюць Польшчу як месца для пастаяннага пражывання. Пра гэта піша польская эканамічная газета «Puls Biznesu».
Паводле звестак нямецкага статыстычнага ведамства Destatis, у 2025 годзе з Германіі ў Польшчу пераехалі 4942 грамадзяніны Германіі. У адваротным кірунку, з Польшчы ў Германію, выехалі 1720 нямецкіх грамадзян. Такім чынам, станоўчае міграцыйнае сальда для Польшчы склала больш за 3200 чалавек. Гэта найвышэйшы паказчык за ўвесь перыяд назіранняў, пачынаючы з 2000 года.
Для параўнання, у 2025 годзе станоўчае сальда міграцыі нямецкіх грамадзян у Францыю склала амаль 1600 чалавек, у Італію — 1700, у Вялікабрытанію — 1100, а ў Злучаныя Штаты — 1400. Сярод буйных еўрапейскіх краін Польшчу апярэдзіла толькі Іспанія, дзе гэты паказчык дасягнуў прыкладна 4400 чалавек.
Як адзначае «Puls Biznesu», адной з галоўных прычын пераезду можа быць значна ніжэйшы кошт жыцця ў Польшчы.
У 2025 годзе ўзровень спажывецкіх цэн у Польшчы складаў 73,3 працэнта ад сярэдняга паказчыка Еўрапейскага Саюза, тады як у Германіі — 108,3 працэнта. Гэта азначае, што сярэдні набор тавараў і паслуг у Польшчы быў прыкладна на траціну таннейшы, чым у суседняй Германіі.
Аднак прывабнасць Польшчы тлумачыцца не толькі эканамічнымі фактарамі. Газета звяртае ўвагу на тое, што палякі ў сярэднім больш задаволеныя сваім жыццём, чым жыхары Германіі і Еўрасаюза ў цэлым.
У 2024 годзе жыхары Польшчы ацэньвалі задаволенасць жыццём у сярэднім на 7,6 бала паводле дзесяцібальнай шкалы. Сярэдні паказчык па Еўрасаюзе складаў 7,2 бала, а ў Германіі — 7 балаў.
Яшчэ адным важным фактарам можа быць пачуццё бяспекі. Паводле статыстыкі за 2023 год, толькі 2,8 працэнта жыхароў Польшчы лічылі злачыннасць, гвалт або вандалізм праблемай у сваім раёне. У Германіі такіх было 10,7 працэнта.
Інакш кажучы, у Польшчы на падобныя праблемы скардзіўся прыкладна кожны трыццаць шосты жыхар, а ў Германіі — кожны дзявяты.
Як падсумоўвае «Puls Biznesu», Польшча паступова перастае быць для немцаў выключна краінай танных пакупак і становіцца прывабным месцам для жыцця. Ніжэйшыя цэны, адносна высокая задаволенасць жыццём і пачуццё бяспекі могуць спрыяць далейшаму росту цікавасці нямецкіх грамадзян да пераезду ў Польшчу.
яс