Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Кошт рамонту цягнікоў можа быць настолькі высокім, што мясцовым уладам прыйдзецца звярнуцца па дапамогу да дзяржавы

20.11.2026 16:39
З моманту масавага набывання рухомага саставу прайшло ўжо шмат гадоў.
.   .
Ілюстрацыя. Цягнік рэгіянальнай чыгункі. Shutterstock/Get_Wini

Да 2030 года плануецца правесці капітальны рамонт каля 100 рэгіянальных цягнікоў, паведамляе ў пятніцу штодзённая газета Rzeczpospolita. Выдаткі, якія ацэньваюцца ў 2,5 мільярда злотых, павінны пакрыць рэгіянальныя ўлады.

Як адзначае выданне, з моманту масавага набыцця рухомага саставу (гэта часткова фінансавалася Еўрапейскім саюзам) прайшло ўжо шмат гадоў, нават больш за дзесяць. Для электрацягнікоў — найбольш распаўсюджанага тыпу цягнікоў, што набываліся ў апошнія гады, — такі рамонт каштуе як мінімум 20–25 мільёнаў злотых за адзінку.

Газета тлумачыць, што рамонт узроўню «P5» — гэта найбольш глыбокі від тэхнічнага абслугоўвання, які прадугледжвае разборку, дэталёвы агляд, а таксама рамонт або замену асноўных вузлоў і агрэгатаў транспартнага сродку.

— З-за гэтага працэс займае значна больш часу, чым праверкі меншага аб'ёму, і патрабуе загадзя наладжаных ланцужкоў паставак, — кажа Мацей Рушкевіч (Maciej Ruszkiewicz), член праўлення кампаніі Pesa Mińsk Mazowiecki.

Rzeczpospolita паведамляе, што кампанія Koleje Mazowieckie («Мазавецкія чыгункі») ужо завяршыла капітальны рамонт першых дзесяці цягнікоў (на суму 101 мільён злотых), а ў маі падпісала кантракт на рамонт яшчэ шаснаццаці адзінак за 311 мільёнаў злотых. Іншыя рэгіянальныя чыгуначныя аператары — напрыклад, Koleje Małopolskie («Малапольскія чыгункі»), а таксама рэгіянальныя ўлады, якім належыць рухомы састаў (у тым ліку ў Свентакшыскім і Падкарпацкім ваяводствах), таксама плануюць падобныя рамонтныя работы.

Анджэй Паўлоўскі (Andrzej Pawłowski), генеральны дырэктар кампаніі Polregio, у каментары для выдання адзначае, што ў некаторых рэгіёнах фінансавы цяжар можа стаць настолькі адчувальным, што мясцовыя ўлады будуць вымушаныя звярнуцца па дапамогу да дзяржавы. На яго думку, адным з магчымых рашэнняў магло б стаць стварэнне дзяржаўнага пула рухомага саставу або нацыянальнай сістэмы яго тэхнічнага абслугоўвання, што магло б паслужыць процівагай прыватнаму сектару.

PAP/нг