На ключавыя рашэнні па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя ў Польшчы ў сярэднім трэба чакаць амаль два гады, а дакладней — 660 дзён.
У тым ліку атрыманне рашэння па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя ў Генеральнай дырэкцыі нацыянальных дарог і аўтамагістраляў (GDDKiA) займае ў сярэднім 662 дні, у той час як у Польскай дзяржаўнай чыгунцы — 660 дзён. У выніку, напрыклад, «Варшаўскі метрапалітэн» ужо чатыры гады чакае рашэння адносна будаўніцтва трэцяй лініі метро, а адміністрацыя аэрапорта Кракава чакала 10 гадоў рашэння аб будаўніцтве новай узлётна-пасадачнай паласы.
Паводле газеты «Rzeczpospolita», прычыну такой сітуацыі варта шукаць у Рэгіянальных упраўленнях аховы навакольнага асяроддзя (RDOŚ), адказных за ацэнку ўздзеяння інвестыцый на навакольнае асяроддзе.
Як адзначае выданне, у Польшчы існуе 16 такіх рэгіянальных упраўленняў, кожнае з якіх штогод разглядае некалькі тысяч спраў. Агулам гэта як мінімум 50 000 спраў па ўсёй краіне.
Між тым, ва ўсіх рэгіянальных упраўленнях у краіне працуе 1 309 чалавек. Хоць Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя заяўляе, што бачыць неабходнасць павелічэння занятасці, але гэта залежыць ад выддзялення дадатковых сродкаў з дзяржаўнага бюджэту.
Часовым рашэннем згаданай праблемы з’яўляецца праект правілаў, якія прывяжуць стаўку гербавага збору — дзяржаўнай пошліны, якая спаганяецца пры афармленні афіцыйных дакументаў — да рэальнай нагрузкі чыноўнікаў.
Аднак, паводле газеты, і тут узнікае праблема, бо праект рэформы «затрымаўся на стадыі разгляду ўжо некалькі месяцаў».
PAP/аз