Газета Rzeczpospolita паведамляе, што ў выпадку, калі дзяржава не дапаможа фірмам, то працу ў Польшчы можа страціць больш за 1 млн чалавек. Эпідэмія каранавіруса пагражае катастрофай на рынку працы, зазначае выданне. Паводле справаздачы, якую падрыхтавала Агульнапольская эканамічная палата, пры аптымістычным варыянце і пры падтрымцы дзяржавы працу можа страціць ад 320 тыс. да 480 тыс. чалавек. Песімістычны варыянт прадбачыць падзенне ВВП на 5% і тое, што без працы акажацца ад 1 млн 120 тыс. да 1 млн 280 тыс. чалавек.
У сектарах, па якіх найбольш ударыла эпідэмія, звальненні ўжо пачаліся. “Сёння я пачаў звальняць людзей. Пакінуў толькі некалькі офісных працаўнікоў, якія пасля эпідэміі дапамогуць узнавіць бізнес”, - сказаў газеце ўладальнік адной з транспарных кампаній з поўдня Польшчы, якая займаецца пасажырскімі і грузаперавозкамі. Агулам плануе звольніць 30 чалавек, у тым ліку ўсіх кіроўцаў.
Драматычная сітуацыя назіраецца ў гасцінічным бізнесе, які ў Польшчы працаўладкоўвае 120 тыс. чалавек. Паводле спецыялістаў, цягам паўгода сектару патрэбна да 4 млрд 500 млн злотых для таго, каб выжыць (1 еўра = 4 злотыя 60 грошаў паводле актуальнага курсу НБП). У складанай сітуацыі аказалася таксама турыстычная галіна, дзе працуе каля 700 тыс. чалавек. Пакуль што спецыялісты нават не бяруцца за тое, каб палічыць, колькі грошай і людзкога патэнцыялу страціць сектар.
Акрамя таго, каранавірусная эпідэмія можа прывесці да вялікіх страт у аўтамабілебудаванні, дзе працуе 300 тыс. чалавек. Польскі сектар залежыць ад паставак камплектуючых з-за мяжы, а многія замежныя прадпрыемствы, для прыкладу, у Італіі, спынілі вытворчасць.
Праблемы айчынных фірм узмацняе крызіс у Германіі, куды Польшчы накіроўвае 27% свайго экпарту. Нямецкія эканамісты палічылі, што з-за каранавіруса эканоміка Германіі можа страціць ад 255 млрд да 729 млрд еўра, паведамляе газета Rzeczpospolita.
вс