З-за каранавіруснай пандэміі авіякампаніі спынілі палёты, а пасажыры, якія раней выкупілі білеты, звяртаюцца да авіяліній, каб яны вярнулі грошы. Але авіякампаніі аддаюць іх вельмі неахвотна, паведамляе Gazeta Wyborcza.
Справа ў тым, што авіяпрадпрыемствы і так страцілі вельмі шмат сродкаў з-за спынення працы, а цяпер баяцца поўнага банкруцтва. Еўрапейскія кампаніі звярнуліся да Еўракамісіі з просьбай змяніць заканадаўства і дазволіць прапанаваць пасажырам не грошы, а ваўчары. Ваўчар можна было б выкарыстаць цягам 12 месяцаў пасля ўзнаўлення палётаў – калі ж пасажыр яго не выкарыстае на працягу года, то тады авіякампанія вярнула б грошы.
Цяпер кожны пасажыр у ЕС, рэйс якога не быў рэалізаваны, паводле законаў мае права патрабаваць вяртання грошай. Але авіялініі свядома парушаюць заканадаўства і ўсялякім чынам стараюцца адцягваць выплату. Прэс-сакратар нямецкага гіганта Lufthansa нават адкрыта сказаў, што актуальна вяртанне грошай немагчымае ў вызначаным заканадаўствам тэрміне.
Тым часам Еўракамісія заявіла, што пытанне патрабуе хуткага вырашэння, каб не дапусціць да банкруцтва авіякампаніяй. Пры гэтым Брусель зазначае, што неабходна памятаць і пра правы пасажыра, якія з’яўляюцца неаб’емнай часткай правоў спажыўцоў, паведамляе Gazeta Wyborcza.
вс