У гарадскіх скарбніцах пуста – паведамляе Dziennik Gazeta Prawna. Муніцыпальныя органы ў красавіку атрымалі амаль на палову менш грошай з падаткаў, чым год таму. Уплыў ад падаходнага падатку, на прыклад, у Варшаве, Любліне ды Быдгашчы зменшыўся на 41%, Катавіцах – на 42%. Яшчэ менш грошай атрымалі гарадскія бюджэты з падаткаў ад бізнесу. Тут назіраецца падзенне нават на амаль 90% (у Гданьску).
Гэта катастрофа – кажуць прадстаўнікі муніцыпальных органаў. Ніколі раней не было такога рэзкага падзення даходаў. Міністэрства фінансаў тлумачыць, што прычын такой сітуацыі некалькі. Па-першае, у выніку горшай кан'юнктуры фірмы атрымалі менш прыбытку, адпаведна, менш грошай пералічылі ў выглядзе падаткаў. Па-другое, урад падоўжыў тэрмін выплаты падаткаў да канца мая. А тыя, хто плаціць падаткі, робіць гэта пераважна ў апошні момант. Таму яны заплацяць на месяц пазней, чым год таму. Таксама прадстаўнік міністэрства нагадвае, што ўрад выплачвае муніцыпальным органам большыя датацыі, каб выраўняць паніжэнне даходаў з падаткаў.
Аднак даходы з падаткаў падаюць не толькі ў гарадскіх бюджэтах. Цэнтральны дзяржаўны бюджэт таксама адчувае крызіс у сувязі з затрыманнем эканамічнай дзейнасці многіх суб’ектаў гаспадарання ў Польшчы. Паляпшэнне сітуацыі можа адбыцца толькі праз два гады, у 2022 годзе, – мяркуе віцэ-міністр фінансаў Пётр Паткоўскі. На ягоную думку, калі стабільнасць дзяржаўнага бюджэту не ўдасца ўтрымаць, адным з выхадаў будзе паніжэнне зарплаты супрацоўнікаў дзяржаўнай адміністрацыі.
нг