Беларуская Служба

Супрацоўнікі з Украіны прыляцяць у Польшчу спецыяльнымі чартарнымі рэйсамі

12.05.2020 11:45
Гаворка ідзе, перш за ўсё, пра працаўнікоў галіны лагістыкі й прамысловасці з Украіны.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:tookapic/pixabay.com/CC0 Public Domain

Яшчэ ў траўні працаўнікі з Усходняй Еўропы прыляцяць у Польшчу спецыяльнымі чартарнымі рэйсамі. Кошт транспарту аплоцяць агенцтвы па працаўладкаванні. Гаворка ідзе, перш за ўсё, пра працаўнікоў галіны лагістыкі й прамысловасці.

„Да нас звярнулася каля 100 кампаній з лагістычнай галіны й прамысловасці, якім патрэбныя працоўныя рукі”, - кажа ў размове з Business Insider Polska генеральны дырэктар агенцтва па працаўладкаванні Gremi Personal Томас Багдзевіч (Tomas  Bogdevic).

Цікава, што попыт на працаўнікоў не падае, хаця на пачатку эпідэміі некаторыя супрацоўнікі закрытых гатэляў і гастраноміі пачалі працаваць у сектарах, якія пакутуюць ад дэфіцыту кадраў.

Аналагічна, зацікаўленасць працай у Польшчы бачная таксама па баку ўкраінскіх працаўнікоў.

„Дагэтуль з намі звязалася каля 1 000 чалавек. Цяпер мы тэлефануем кожнаму з іх і правяраем, ці ёсць у яго неабходныя дакументы”, - кажа прадстаўнік Gremi Personal.

Ён нагадвае, што транспарт ва Украіне прастойвае, што дадаткова ўскладняе сітуацыю.  Акрамя таго, мяжу можна перасячы толькі ў некалькіх месцах, а ў адным аўтамабілі не можа знаходзіцца больш за чатыры чалавекі.

Па гэтай прычыне Gremi Personal плануе арандаваць самалёты, якія даставяць украінцаў у Польшчу, а потым забяспечыць ім месца для адбыцця каранціну.

„Мы сустрэнем усіх супрацоўнікаў у авіяпорце. Мы арандавалі кватэры, гасцініцы і хостэлы, у якіх яны будуць праходзіць каранцін. Кожным з гэтых месцаў будзе займацца адмысловы каардынатар, які зоймецца пастаўкай ежы і г.д.”, - тлумачыць Багдзевіч.

На пачатак плануюцца чатыры чартарныя рэйсы з Украіны ў Польшчу. Першы можа адбыцца ўжо 24 траўня, хаця кампанія не выключае, што датэрміновае завяршэнне ўсіх неабходных фармальнасцей можа паскорыць гэтую дату. Рэйсы будзе ажыццяўляць украінская авіякампанія МАУ.

Кожны іншаземец атрымае доўгатэрміновы працоўны кантракт у Польшчы й медыцынскае страхаванне, у тым ліку таксама ад COVID-19.

Паводле даследавання Gremi Personal, 67 адсоткаў апытаных працаўнікоў з Украіны хочуць вярнуцца на працу ў Польшчу. Беручы пад увагу, што з пачатку эпідэміі Польшчу пакінулі каля 150 тысяч супрацоўнікаў з Украіны, гаворка ідзе пра больш за 100 тысяч чалавек.

Іх вяртанню несумненна паспрыяе факт, што 4 траўня аднавілі працу консульскія аддзелы польскіх дыпламатычных прадстаўніцтваў ва Украіне. Цяпер у першую чаргу яны разглядаюць заявы на працоўную візу ў сельскай гаспадарцы, садаводстве і міжнародным транспарце.

На жаданне прыехаць у Польшчу на працу можа таксама паўплываць эканамічная сітуацыя ва Украіне - за 12 месяцаў колькасць зарэгістраваных беспрацоўных у гэтай краіне павялічылася ўдвая й дасягнула 456 тысяч 800 чалавек у пачатку траўня.

Толькі з 12 сакавіка па 5 траўня службы занятасці краіны зарэгістравалі 166 тысяч новыя беспрацоўных, а колькасць прапаноў скарацілася на 53 тысячы.

У сваю чаргу, паводле ацэнак Дзяржаўнага статыстычнага ўпраўлення Украіны, узровень беспрацоўя ў сакавіку можа дасягнуць 13,7 працэнта. Для параўнання, у апошнім квартале 2019 года ён склаў 8,7 працэнта, паведамляе Business Insider Polska.

аз