Еўрапейская Камісія прадставіла гэтак званы «турыстычны пакет», накіраваны на дапамогу членскім краінам у турыстычнай галіне, паведамляе Gazeta Wyborcza. Турыстычны бізнес прыносіць Еўрапейскаму Саюзу 10% ВВП. Для прыкладу, даходы ад турызму ў Нямеччыне складаюць 9% ВВП, Польшчы – 5%, у Італіі – 13%, а ў Грэцыі – ажно 21%.
Многія краіны ЕС, у тым ліку Польшча, патрабавалі ад Еўракамісіі спынення да часу нармалізацыі сітуацыі некаторых правілаў у галіне турыстычнага бізнесу і пасажырскіх перавозак. Напрыклад, прадстаўнікі членскіх краін прапанавалі спыніць распараджэнне, паводле якога авіякампанія павінна вярнуць грошы пасажыру ў выпадку нерэалізацыі рэйса. Узамен пасажыр атрымаў бы ваўчар, які б мог выкарыстаць на згаданай трасе на працягу года. Прыпрыненне дзеяння падобнага правіла прапанавалася ў выпадку выкупленых тураў. Аднак Еўракамісія не згадзілася з прапановай членскіх краін адносна замены грошай на ваўчар. Праўда, пасажыру пакінулі выбар – ён сам павінен вырашыць, ці хоча вярнуць назад сродкі, ці ўзяць ваўчар для пазнейшага выкарыстання. Пры гэтым Брусель зазначае, што ваўчары, атрыманыя ад авіякампаній ды турбюро, будуць мець дзяржаўныя гарантыі рэалізацыі.
Адначасова Еўракамісія прапануе членскім краінам паступовую адмену кантролю на ўнутраных межах ЕС і стварэнне гэтак званых «турыстычных камунікацыйных калідораў». Па згаданых калідорах маглі б перамяшчацца турысты паміж краінамі і рэгіёнамі ў турыстычных мэтах, зразумела, з захаваннем эпідэміялагічных мер бяспекі. Актуальна перамовы па стварэнні такога шляху вядуць Данія і Грэцыя. З часам Польшча таксама мае намер далучыцца да пагаднення з некаторымі краінамі, датычнага турыстычнага руху, паведамляе Gazeta Wyborcza.
Тым часам польскі ўрад плануе ўвесці турыстычную датацыю ў памеры 1 тыс. злотых (прыкладна 180 еўра) для выкарыстання ў турыстычных аб'ектах на тэрыторыі Польшчы, каб такім чынам падтрымаць айчынную турыстычную галіну. Датацыю атрымалі б працаўнікі, якія зарабляюць ніжэй за сярэднюю зарплату па краіне (у апошнім квартале мінулага года яна складала 5 тыс. 200 злотых без выліку падаткаў ды ўзносаў у пенсійны і медыцынскі фонды – 1145 еўра паводле актуальнага курсу). Паводле дадзеных, на датацыю маглі б разлічваць ажно 60% насельніцтва краіны.
вс