Інфляцыя ў Еўрасаюзе ў снежні склала 5,3 працэнта, гэта апошнія дадзеныя Еўрастата.
Сфера энергетыкі найбольш даражэла ў краінах, якія выкарыстоўваюць еўра. У снежні яна падаражэла ажно на 25,9 % у параўнанні з аналагічным перыядам 2020 года.
Самая высокая інфляцыя зафіксавана ў Эстоніі, дзе цэны выраслі на 12% за год. Найперш на рост цэн паўплывалі тарыфы на энерганосьбіты.
Двухзначную інфляцыю зафіксавалі і ў Літве, дзе цэны выраслі за год на 10,7 %.
Паводле звестак Еўрастата, інфляцыя ў Польшчы ў снежні была на ўзроўні 8%. Гэта быў трэці найвышэйшы вынік у Еўрасаюзе. Толькі за месяц цэны ў краіне выраслі на 0,9%.
Затым ідзе трэцяя балтыйская краіна - Латвія. Там інфляцыя была на ўзроўні 7,9 працэнта.
Самая нізкая інфляцыя ў Еўрасаюзе зафіксавана на Мальце (2,6%), у Партугаліі (2,8%) і Фінляндыі (3,2%).
У Еўрапейскім цэнтральным банку лічаць, што інфляцыя носіць часовы характар. Таму гэты банк пакуль не мае намеру павышаць працэнтныя стаўкі. На гэта ў іх ёсць пэўныя прычыны - у шэрагу краін Еўрасаюза беспрацоўе высокае, а заробкі растуць значна павольней, чым, напрыклад, у Польшчы. У Германіі ці Іспаніі рост сярэдняга заробку ніжэй за інфляцыю, а ў Польшчы наадварот, апярэджвае гэты паказчык.
Прэзідэнт Еўрапейскага цэнтральнага банка Крысцін Лагард (Christine Lagarde) лічыць, што інфляцыя ў еўразоне застанецца вышэй за мэтавую адзнаку ў 2% на працягу большай часткі 2022 года. Разам з тым яна чакае зніжэння і падкрэслівае, што ў сярэднетэрміновай перспектыве інфляцыя будзе нават ніжэй за мэту.
rmf24.pl / вх