Беларуская Служба

Інвестары ў эйфарыі пасля паведамлення, што пасля заканчэння манеўраў расійскія жаўнеры пакінуць Беларусь

28.01.2022 09:29
Паводле аналітыкаў, рубель, расійскія акцыі і дзяржаўныя аблігацыі вярнуліся на шлях росту.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.ESB Professional/Shutterstock

Паведамленне аб вяртанні ў краіну расійскай арміі, накіраванай у Беларусь для правядзення вучэнняў «Allied Resolve-2022», было ўспрынятае інвестарамі з эйфарыяй: рубель, расійскія акцыі і дзяржаўныя аблігацыі вярнуліся на шлях росту, паведамляе Rzeczpospolita.

«Пасля заканчэння вучэнняў і праверкі, вайсковыя падраздзяленні Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, як гэта было пасля ўсіх папярэдніх вучэннях», – паведаміў начальнік Генштаба Узброеных Сіл Беларусі Віктар Гулевіч.

Падчас брыфінгу для замежных аташэ па абароне Гулевіч падкрэсліў, што вучэнні «носяць выключна абарончы характар і не ўяўляюць пагрозы для еўрапейскай супольнасці». Таксама расійскае Міністэрства замежных спраў выступіла заявай. Намеснік дырэктара дэпартамента інфармацыі Аляксей Зайцаў запэўніў, што Расiя «не дапускае нават думкі пра вайну з Украінай».

Гэтага было дастаткова, каб вярнуць маскоўскай біржы зялёны колер. Курс долара, які за ноч падскочыў да 80,41 рубля, пасля заявы беларускага міністра знізіўся да 78,31 рубля. Больш чым на 2 рублі за дзень знізіўся і курс еўра, які напярэдадні падняўся вышэй за 90 рублёў.

Таксама біржа ліквідуе страты мінулых дзён. Індэкс рубля Moscow Exchange вырас на 1,53 працэнта, а валютны індэкс РТС на 3,16 працэнта. Аблігацыі падаражэлі ўпершыню за шэсць дзён.

«Сёння адной навіны з намёкам пра дээскалацыю хапіла, каб долар аслабеў да 78,40 рубля», – каментуе кіраўнік транзакцыйнага цэнтра «Металінвестбанка» Сяргей Раманчук.

Рынак напалохалі не толькі заявы амбасады ЗША ва Украіне, якая рэкамендавала сваім грамадзянам пакінуць краіну, але і ідэі дэпутатаў «Адзінай Расіі» ў парламенце, якія прапанавалі паставіць зброю расійскім сепаратыстам ва Украіне, лічыць брокер Alfa Capital Уладзіслаў Сілаеў.

«Рэакцыя ЗША на расійскае патрабаванне гарантый бяспекі, хоць і не прынесла прарыву, усё ж дала надзею на працяг перамоваў», – сказаў стратэг Alfa Bank Джон Уолш.

Нагадваем, Вашынгтон і НАТА адхілілі патрабаванні Расіі не пашыраць альянс на Усход і паабяцалі працягваць палітыку «адкрытых дзвярэй», таксама для Украіны. Адначасова ЗША папрасілі Расiю не распаўсюджваць тэкст дакумента ў адкрытым доступе, а гэта, паводле аналітыкаў, «сведчыць аб тым, што Злучаныя Штаты могуць пайсці на саступкі».

«Калі геапалітычны фактар перастане дзейнічаць, пара долар-рубель хутка апусціцца ніжэй за 70, а па меры зніжэння інфляцыі рубель будзе ўмацоўвацца і апускацца ніжэй за 65 за долар», – прагназуе кіраўнік аддзела гандлёвых аперацый Freedom Finance Георгій Вашчанка, словы якога прыводзіць Rzeczpospolita.

аз