Украіна на гэтым тыдні збіла 80 іранскіх беспілотнікаў. Паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, з якімі размаўляла выданне Politico, гэта, між іншым, вынік эфектыўнага дзеяння нямецкай сістэмай «Гепард» – баявой машынай, якая можа рабіць двайныя стрэлы. За мінулы год Берлін адправіў ва Украіну 30 такіх машын, яшчэ сем украінцы атрымаюць у гэтым годзе.
Зенітная ўстаноўка, усталяваная на гусенічнай машыне, забяспечвае Украіну мабільнай сістэмай супрацьпаветранай абароны, якая адыгрывае ключавую ролю ў знішчэнні іранскіх беспілотнікаў і расійскіх ракет.
Прадстаўнік ВПС Украіны Юрый Ігнат кажа, што з верасня ўкраінская супрацьпаветраная абарона знішчыла 540 іранскіх беспілотнікаў-камікадзэ. «Гепард» эфектыўны, як супраць беспілотных лятальных апаратаў, так і крылатых ракет. У той час са зброяй узніклі праблемы.
Патроны для часткі ўстановак былі вырабленыя ў Швейцарыі, урад якой не даў згоды на іх рээкспарт ва Украіну, спасылаючыся на нейтральны статус краіны. Яшчэ ў кастрычніку Мінабароны Германіі накіравала ўраду Швейцарыі просьбу перадаць Украіне амаль 12,5 тысячы швейцарскіх боепрыпасаў аднак яна была адхіленая. У снежні нямецкі вытворца Rheinmetall заявіў, што адкрые новую вытворчую лінію, але першыя патроны будуць даступныя толькі напрыканцы бягучага года.
Недахопы ўнутранага прамысловага патэнцыялу непакояць заходнія ўрады. У выніку ЗША і еўрапейскія хаўруснікі распрацоўваюць сістэму ідэнтыфікацыі боепрыпасаў, атрыманых са старых запасаў і разглядаюць спосабы абʼядноўвання нацыянальных рэсурсаў, паколькі вайна ва Украіне працягвае вычэрпваць фонды ў НАТА.
Паводле Politico ў Вашынгтоне пачаліся перамовы аб тым, каб выняць з бункераў боепрыпасы часоў халоднай вайны і ўдасканаліць іх настолькі, каб Украіна магла іх выкарыстоўць.
ЗША таксама шукаюць спосабаў блакіроўкі паставак іранскіх беспілотнікаў у Расію. Перш за ўсё, яны хочуць абмежаваць доступ Ірана да тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца ў беспілотных лятальных апаратах.
аз