Беларуская Служба

У выніку адной з найбуйнейшых антыкарупцыйных аперацый у гісторыі Польшчы, разбіта злачынная група, якая займалася кантрабандай беларускіх цыгарэт

16.02.2023 14:58
Дзяржаўная скарбніца страціла на дзейнасці групы каля 440 мільёнаў злотых (каля 100 млн долараў)
Аўдыё
  • У выніку адной з найбуйнейшых антыкарупцыйных аперацый у гісторыі Польшчы, разбіта злачынная група, якая займалася кантрабандай беларускіх цыгарэт
Арыштаваная маёмасць кантрабандыстаў Крыніца: https://www.gov.pl/web/prokuratura-krajowa/uderzenie-podlaskiego-pionu-pz-pk-w-zorganizowana-grupe-przestepcza-ktora-przemycila-do-polski-papierosy-o-wartosci-prawie-440-milionow-zlotych

Пункт пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю закрылі праз два дні пасля таго, як польскія праваахоўнікі арыштавалі злачынную групоўку мытнікаў, якая займалася кантрабандай цыгарэт беларускай вытворчасці.

Польскія палітыкі сцвярджаюць, што закрыццё памежнага пераходу звязанае з дзеяннямі беларускіх «улад». Закрыццё памежнага пераходу ў «Баброўніках» стала адказам на прысуд у Беларусі для Анджэя Пачобута – аднаго з лідараў польскай нацыянальнай меншасці у Беларусі, асуджаным рэжымам Лукашэнкі на восем гадоў калоніі.

Тады ўлады Польшчы патлумачылі, закрыццё памежнага пераходу на польска-беларускай мяжы «абаронай нацыянальнай бяспекі». Паводле прэм'ер-міністра краіны Матэвуша Маравецкага, такім чынам Польшча падала выразны сігнал рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Прэмʼер падкрэсліў, што польскі ўрад разглядае і не выключае поўнае закрыццё і іншых памежных пунктаў на мяжы з Беларуссю.

За два дні да закрыцця памежнага пераходу «Баброўнікі», 8 лютага, супрацоўнікі Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры сумесна з Памежнай службай і Нацыянальнай фінансавай адміністрацыяй затрымалі 15 чалавек. Яны былі затрыманыя ў межах расследавання аб кантрабандзе беларускіх цыгарэт праз польскую мяжу. Праз некалькі дзён, 13 лютага, былі затрыманыя яшчэ пяцёра падазраваных.

Гэта адна з найбуйнейшых аперацый, накіраваная супраць арганізаванай злачыннасці ў Польшчы, адзначаюць эксперты. Спецслужбы затрымалі агулам 18 чалавек, у тым ліку сем мытніка з памежнага пераходу ў Баброўнікаў. Падазраваныя павінны быць адказныя за найбуйнейшую ў гісторыі кантрабанду цыгарэт з Беларусі ў Польшчу. У 2020-21 гадах яны, паводле следчых, увезлі амаль 19 мільёнаў пачак кантрабандных цыгарэт. 

Працэс вядзецца пад наглядам Нацыянальнай пракуратуры – кажа яе прэс-сакратар, пракурор Лукаш Лапчыньскі:

-Затрыманым мытнікам выстаўленыя абвінавачанні аб удзеле ў злачыннай групе, аблягчэнні кантрабанды тытунёвых вырабаў. Усе затрыманыя абвінавачваюцца ў карупцыі, а менавіта, у атрыманні хабару ў памеры 400 тыс. еўра. Шасцёра з затрыманых абвінавачваюцца ў раскрыцці таемнай інфармацыі аб працы памежнага пункту пропуску ў Баброўніках.

Акрамя мытнікаў, абвінавачанні выставілі і іншым асобам, дадаў пракурор Лукаш Лапчыньскі:

-Іншыя затрыманыя абвінавачваюцца ў кіраванні злачыннай групоўкай, а таксама ў карумпаванні супрацоўнікаў мытні. З дадзеных следства вынікае, што нелегальны атрыманы прыбытак, абвінавачваныя ўкладалі ў нерухомасць. Для будучай кампенсацыі стартаў, якія яны нанеслі дзяржаўнаму бюджэту, арыштаваная іх маёмасць агульным коштам больш за 10 млн злотых, у тым ліку, наяўныя грошы, зліткі золата а таксама аўтамабілі класа прэміум.

Кіраўніком арганізаванай злачыннай групы быў 59-гадовы выхадзец з Падляшскага ваяводства, які жыў у Варшаве. Яго абвінавачвалі ў кіраванні арганізаванай злачыннай групай, кантрабандзе цыгарэт, адмыванні грошай і карумпаванні службовых асоб. Суд пастанавіў арыштаваць яго на 3 месяцы.

Палкоўнік Памежнай варты Польшчы Аркадыюш Алейнік лічыць, што разгром злачыннай групы, якая спецыялізавалася на кантрабандзе беларускіх цыгарэт, быў адной з найбуйнейшых аперацый супраць арганізаванай злачыннасці ў Польшчы.

Аркадыюш Алейнік паведаміў у эфіры TVP Info, што ў затрыманні падазраваных удзельнічалі больш за 200 супрацоўнікаў Галоўнага следчага бюро, Памежнай аховы, Упраўлення ўнутранай інспекцыі Міністэрства фінансаў і Нацыянальнай фінансавай адміністрацыі Падляшскага ваяводства. Следчыя не выключаюць новых арыштаў па гэтай справе:

-Аперацыя ажыццяўлялася адначасова ў Мазавецкі і Падляшскім ваяводстве. Вобшукі адбыліся па 30 адрасах. Група дзейнічала надзвычай арганізавана. Злачынная дзейнасць групы была бы немагчымай без подкупу дзяржаўных службоўцаў. Кантрабанда адбывалася на дарожных памежных пераходах з выкарыстаннем фур, але таксама з выкарыстаннем вялікіх марскіх кантэйнераў, якія завозяцца ў Польшчу па чыгунцы пра Цярэспаль.

Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі падзякаваў праваахоўнікам за працу па ліквідацыі злачыннай групы кантрабандыстаў. «Гэта вялікі поспех», – падкрэсліў міністр.

Маштаб дзейнасці злачыннай групы сапраўды ўражвае. Незразумелым застаецца, чаму польскія праваахоўнікі так доўга шлі да гэтага «поспеху» і як сітуацыя з кантрабандай выглядае на дагэтуль адкрытых пунктах пропуску на мяжы з Беларуссю? Цікавасці дадае «супадзення» часу закрыцця памежнага пераходу ў Бабароўніках і ліквідацыі гэтай злачыннай групоўкі.

Арганізацыя кантрабанды такога маштабу вымагае вялікай лагістычнай працы і з беларускага боку мяжы, а там відавочна, за гэтым стаяць контрагенты польскіх злодзеяў з вялікі пагонамі на плячах і з не меншымі пасадамі ў сілавых ведамствах рэжыму Лукашэнкі. Спадзяемся даведацца значна больш.

Слухайце аўдыё!

эж