Беларуская Служба

Расійская вайна, гэта таксама вайна за ўкраінскія радовішчы

20.02.2023 08:15
Украіна валодае аднымі з найбуйнейшых рэсурсаў рэдказямельных металаў у Еўропе, нагадвае Польскі эканамічны інстытут.
K
Kар'ерAutorstwa I, 天然ガス, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=2474640

Украіна валодае аднымі з найбуйнейшых рэсурсаў рэдказямельных металаў у Еўропе і перспектыўнымі запасамі літыя, які адыгрывае ключавую ролю ў зялёнай трансфармацыі, адзначылі аналітыкі Польскага эканамічнага інстытута ў сваім Эканамічным тыднёвіку.

Паводле іх, кошт металічных радовішчаў ва Украіне ацэньваецца ў 11,5 трыльёна долараў. Эксперты спасылаюцца на звесткі, згодна з якімі цяпер расіяне кантралююць радовішчы прыродных рэсурсаў, размешчаныя на тэрыторыі Украіны коштам у 12,4 трлн долараў. Некаторыя з іх знаходзяцца пад расійскай акупацыяй з моманту анексіі Крыма ў 2014 годзе і пачатку баявых дзеянняў за Данбас.
«Сярод іх 42 адсоткі ўкраінскіх металаў і 33 адсоткі рэдказямельных», – адзначылі аналітыкі. Яны падкрэсліваюць, што расіяне ўзялі пад кантроль шэсць радовішчаў жалезнай руды, два тытанавыя руднікі, два руднікі цырконію і па адным рудніку стронцыю, урану, літыя і золата.

«Украіна мае значныя запасы прамысловых металаў, адны з найбуйнейшых запасаў рэдказямельных металаў у Еўропе і перспектыўныя запасы літыя. Апошні метал адыгрывае ключавую ролю ў зялёнай трансфармацыі, у тым ліку як матэрыял для вытворчасці літый-іённых акумулятараў», – кажуць аналітыкі, дадаючы, што на тэрыторыі Украіны можа знаходзіцца 500 тысяч тон літыя, пераважна на тэрыторыі Валынскага і Азоўскага рэгіёнаў. Гэта адно з найбуйнейшых радовішчаў «белага золата» у Еўропе.

На тэрыторыі Украіны таксама знаходзяцца 10 працэнтаў сусветных запасаў жалеза і значныя запасы манганіту, тытана, галію і германію. У 2021 годзе Украіна заняла 6-е месца ў свеце па здабычы жалезнай руды (81 млн тон) і 5-е па экспарце (6,9 млрд долараў).

Згаданыя радовішчы ў асноўным знаходзяцца ў Кшывароскім басейне, дзе знаходзіцца найбуйнейшы ў Еўропе кар'ер жалеза, каля Крамянчука і ў Белаазёрскім раёне. Украіна таксама заняла 5-е месца па здабычы манганіту (670 тыс тон), 7-е – тытану (432 тыс тон), 3-е – галію (9 тон) і 5-е – германію (1 тона).

Эксперты з Польскага эканамічнага інстытута адзначылі, што пераважная большасць радовішчаў металаў знаходзіцца на ўсходзе краіны і ў гэтак званым «Украінскім шчыце», які таксама зʼяўляецца рэсурсам 22 рэдказямельных металаў. Гаворка ідзе, між іншым, пра берыл (Жытомірская вобласць), цырконій (Данецкая вобласць) або тытан, ніоб і цырконій (Мазуроўка). «Агульны кошт геалагічна вызначаных металічных радовішчаў ва Украіне ацэньваецца ад 3 трлн да 11,5 трлн долараў», – паведамляе Эканамічны тыднёвік.

аз