Беларуская Служба

Большасць польскіх кампаній выйшла з Расіі, але некаторыя засталіся

24.02.2023 12:57
Часам рашэнне пакінуць Расію каштавала фірме вельмі шмат.
Coraz więcej firm zawiesiło działalność w Rosji, ale nie wszystkie chcą szybko opuścić ten kraj.
Coraz więcej firm zawiesiło działalność w Rosji, ale nie wszystkie chcą szybko opuścić ten kraj.Shutterstock/Kmpzzz

Пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну большасць польскіх кампаній выйшла з Расіі, але некаторыя засталіся, – піша Rzeczpospolita.

Часам рашэнне пакінуць Расію каштавала фірме вельмі шмат, напрыклад, канцэрн LPP, уладальнік між іншым брэнда Sinsay, пакінуў расійскі рынак пасля 20 гадоў прысутнасці на ім. «Для кампаніі гэта азначала сыход з самага перспектыўнага дагэтуль рынку, які прыносіў каля 25% даходаў. У Расіі было амаль 600 крамаў», – кажа віцэ-прэзідэнт LPP Пшэмыслаў Луткевіч. У пошуках магчымасцяў аднавіць страчаны на ўсходзе патэнцыял кампанія засяродзілася на іншых рынках – Іспаніі, Сербіі, Грэцыі і Італіі.

Абутковы канцэрн CCC хутка пакінуў Расію, але ў кампаніі прызнаюць, што продажы ў гэтай краіне складалі каля 2 адсоткаў даходаў CCC Group. «Мы перанакіравалі запланаваныя ў Расіі інвестыцыі ў краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы», – тлумачыць Марта Ржэцельска, прэс-сакратар CCC. Працэс завяршэння працы адбыўся ў сакавіку 2022 года. Новы ўладальнік набыў 39 крам з асартыментам і аддзелам электроннага гандлю. Інакш выглядае дзейнасць кампаніі ва Украіне. Пасля пачатку вайны салоны былі зачыненыя, але затым партнёр па франшызе аднавіў працу 17 украінскіх крам, якія знаходзяцца далёка ад лініі фронту.

Дзяржкампаніі пазбягаюць прамых адказаў на пытанне, ці яны цалкам адмовіліся ад расійскага рынку. Канцэрн KGHM («Польская медзь» – нг) коратка спасылаецца на гадавую справаздачу, якая будзе апублікаваная... праз месяц. Кампанія PKN Orlen адказвае, што не прапанавала сваю прадукцыю і паслугі на расійскім і беларускім рынках. Між тым, у спісе Ельскага ўніверсітэту Orlen фігуруе сярод кампаній, якія працягваюць сваю дзейнасць, хаця паведамляецца, што Orlen спыніў транспарт сырой нафты морам і дыверсіфікуе крыніцы паставак.

Канцэрн TZMO налічвае 56 кампаній у 18 краінах свету. Яны скарацілі сваю дзейнасць у Расіі, спынілі інвестыцыі, абмежавалі продажы жаночай і дзіцячай гігіены. У кампаніі тлумачаць гэта сацыяльнай адказнасцю перад пацыентамі бальніц і жыхарамі дамоў састарэлых па ўсім свеце. Кампанія BRW мела вытворчасць, якую пасля пачатку вайны пераносіць у Польшчу. Кампанія не можа знайсці пакупніка, які гатовы набыць долю расійскай кампаніі BRW – Мэбля.

У спісе прадпрыемстваў, якія дагэтуль працуюць у Расіі, значыцца Makrochem SA, вытворца пакрышак з Любліна. Паводле інфармацыі Yale, Polpharma спыніла інвестыцыі і абмежавала пастаўкі асноўных прэпаратаў. Аднак каментар на гэты конт у рэдакцыю кампанія не даслала. Гэтак жа, як Cersanit, які ўсё яшчэ застаецца ў Расіі, хаця і выставіў расійскі бізнес на продаж.

нг