Shell і BP, якія з'яўляюцца пятай і восьмай па велічыні нафтагазавымі кампаніямі ў свеце па даходах, вырашылі скараціць выкіды парніковых газаў у адпаведнасці з палажэннямі Парыжскага пагаднення, каб дасягнуць кліматычнай нейтральнасці да 2050 года, піша biznesalert.pl.
Пастаўленая мэта выглядае вельмі амбіцыйнай, асабліва ў выпадку прадпрыемстваў, дзейнасць якіх дагэтуль у асноўным грунтавалася на продажы выкапнёвага паліва. Аднак ні для каго не сакрэт, што іх інтэнсіўнае выкарыстанне ў сучаснай эканоміцы зʼяўляецца асноўнай прычынай павелічэння выкідаў і, як вынік, прыспяшэнне змены клімату.
Таму ключавым элементам гэтай трансфармацыі зʼяўляецца перш за ўсё грунтоўная змена бізнес-мадэлі, на якой пабудавана цяперашняя моц абодвух канцэрнаў. І Shell, і BP павінны паступова замяніць высокапрыбытковы продаж вуглевадародаў на павелічэнне ўдзелу ў развіцці аднаўляльных крыніц энергіі, такіх як ветравыя электрастанцыі і вытворчасці зялёнага вадароду.
Вайна добрая для нафтавых і газавых кампаній
Тым не менш, леташнія ўзрушэнні на рынку энергарэсурсаў, якія сталі прамым следствам агрэсіі Расіі ва Украіне, магчыма, трохі астудзілі энтузіязм нафтагазавай галіны да хутчэйшага адыходу ад выкапнёвага паліва. Ужо той факт, што рэкорднае павелічэнне цэнаў на прыродны газ і нафту былі з энтузіязмам успрынятыя такімі магнатамі, як Shell і BP, якія істотна ўзбагаціліся на іх продажы, гаворыць пра многае.
Акрамя таго, існуе даволі высокая рызыка таго, што вышэйзгаданыя кампаніі будуць усё больш ахвотна адмаўляцца ад ранейшых кліматычных абавязкаў, каб атрымаць кароткатэрміновыя выгады ад продажу адносна дарагіх відаў выкапнёвых энерганосьбітаў.
эж