Беларуская Служба

У Польшчы расце папулярнасць гасцініц «толькі для дарослых», якія не прымаюць дзяцей

02.05.2023 19:02
На захадзе і ў турыстычных краінах гэты трэнд з'явіўся ўжо даўно, у Польшчы ж – толькі некалькі гадоў таму.
Pixabay License
Pixabay LicenseImage by Gerd Altmann from Pixabay

Польскі партал wp.pl на пачатку турыстычнага сезону піша пра тое, што гатэлі «толькі для дарослых» становяцца ўсё больш папулярнымі сярод турыстаў. На захадзе і ў турыстычных краінах гэты трэнд з'явіўся ўжо даўно, у Польшчы ж – толькі некалькі гадоў таму.

Браніруеш тур, аплочваеш, з нецярпеннем чакаеш адпачынку, прыязджаеш у гасцініцу і ў першы ж дзень раніцай цябе будзіць плач альбо крык дзіцяці. Менавіта для таго, каб не было такіх сітуацый падчас адпачынку, і былі створаныя гатэлі «толькі для дарослых», якія не прымаюць дзяцей.

На жаль, не ўсе разумеюць спецыфіку такога роду абʼектаў. Бывае, што семʼі браніруюць нумары і ігнаруюць правілы, паводле якіх гасцініца прымае пастаяльцаў, якім больш за 16 гадоў. У сувязі з гэтым падчас засялення здараюцца канфліктныя сітуацыі, гаворыць уладальніца аднаго з гатэляў у польскім балтыйскім курорце Калобжэг. Яна кажа, што рашэнне аб спецыялізацыі гасцініцы «толькі для дарослых» было прынятае пасля даследавання рынку, якое працягвалася два гады.

Уладальніца гаворыць, што, прымаючы рашэнне, яны спадзяваліся крытыкі, але не думалі, што сустрэнуцца ажно з такім хейтам: кліенты не толькі абзывалі яе і персанал, але таксама пагражалі судовымі працэсамі і ажно Еўрапейскім судом па правах чалавека.

Паводле жанчыны, шматлікія кліенты не могуць зразумець, што іх праект не накіраваны супраць дзяцей, а толькі для дарослых, якія хочуць і маюць права адпачыць у абʼекце, дзе няма малеч. Яна зазначае, што сярод кліентаў нямала сямейных пар, якія пакідаюць дзяцей дома пад апекай сямʼі і самі ўдваіх прыязджаюць у адпачынак, паведамляе партал wp.pl.

вс