Беларуская Служба

У Польшчы аб'ядноўваюць усе вугальныя электрастанцыі ў адну структуру

23.05.2023 09:15
Мэта – іншыя энергетычныя кампаніі змогуць засяродзіць увагу на інвестыцыях у аднаўляльныя крыніцы і атамную энергетыку.
-
Віцэ-прэм’ер і міністр дзяржаўнай маёмасці Яцэк Сасінpolskieradio.pl

У Польшчы ствараецца Нацыянальнае агенцтва энергетычнай бяспекі (па-польску NABE). Работы набліжаюцца да завяршэння, паведаміў віцэ-прэмʼер, міністр дзяржаўнай маёмасці Яцэк Сасін.

Мэтай стварэння NABE зʼяўляецца абʼяднанне ўсіх польскіх вугальных электрастанцый у адну структуру са 100% доляй Дзяржаўнага бюджэту. Дзякуючы гэтаму іншыя энергетычныя кампаніі змогуць засяродзіць увагу на інвестыцыях у аднаўляльныя крыніцы і атамную энергетыку, што, на думку ўраду, паскорыць энергетычную трансфармацыю Польшчы.
Яцэк Сасін растлумачыў, што дэталі пагаднення аб продажы кампаніямі актываў для Нацыянальнага агенцтва энергетычнай бяспекі практычна гатовыя.

«Фактычна больш чым на 90 працэнтаў ужо ўсё ўзгоднена. Засталіся дэталі, і я не чакаю вялікіх праблем у гэтым плане. Мы таксама ў пастаянным дыялогу з банкамі», – сказаў віцэ-прэмʼер.

Міністр дзяржаўнай маёмасці дадаў, што Польшча ўсё яшчэ чакае адабрэння працэсу стварэння Нацыянальнага агенцтва энергетычнай бяспекі з боку Еўракамісіі і пацверджання, што ў гэтай справе няма несанкцыянаванай дзяржаўнай дапамогі.

«Мы хочам быць упэўненымі, што Еўракамісія ставіцца да гэтай справы гэтак жа, як і мы», – сказаў Яцэк Сасін.

NABE будзе дзейнічаць у форме холдынгавай кампаніі, якая будзе створана на базе PGE Górnictwo i Energetyka Konwencjonalna.

Міністр дзяржаўнай маёмасці таксама паведаміў, што ўрад захавае захады, скіраваныя на абарону грамадства ад празмернага росту коштаў на энерганосьбіты і ў наступным годзе.

Сасін адзначыў, што адмена ахоўных мер прывяла б не толькі да росту тарыфаў на энерганосьбіты для насельніцтва, але і да росту коштаў на паслугі.

Віцэ-прэм'ер паведаміў, што ў бліжэйшыя два гады Польшча выдаткуе каля 100 мільярдаў злотых на абмежаванне росту коштаў на электраэнергію і газ.

яс