У траўні 2023 года інфляцыя ў Польшчы склала 13%, паведамляе Галоўнае статыстычнае ўпраўленне краіны. Гэты вынік нават ніжэйшы за прагназаваны, а цэны ў параўнанні з папярэднім месяцам засталіся на месцы. «Першыя добрыя дадзеныя па інфляцыі з 2021 года», – каментуе эканаміст банку BNP Paribas Войцех Стэнпень. Эксперты таксама прагназуюць зніжэнне базавай інфляцыі, чытаем на партале money.pl.
У параўнанні з мінулым месяцам, Галоўнае статыстычнае ўпраўленне зафіксавала рост цэнаў на ўзроўні 0%, то бок цэны засталіся на месцы, чаго ў Польшчы не было даўно.
Паводле звестак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, прадукты падаражэлі на 18,9% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і 0,6% у параўнанні з мінулым месяцам; энергія падаражэла адпаведна на 20,4% у гадавым вымярэнні і патанела на 0,5% у месячным. У сваю чаргу цэны на паліва знізіліся на 9,5% у параўнанні з мінулым годам і на 4,8% у месячным вымярэнні.
«Базавы эфект запавольвання інфляцыі па паліве і газу ў чэрвені-жніўні будзе яшчэ мацнейшы. Ёсць верагоднасць адназначнай інфляцыі ў трэцім квартале», – перакананыя аналітыкі брокерскага дома XTB.
Эксперты таксама прагназуюць зніжэнне базавай інфляцыі (без уліку цэн на энерганосьбіты і прадукты харчавання) ніжэй за 12,2%, дасягнутых у красавіку. Польскі эканамічны інстытут прагназуе базавую інфляцыю ў траўні ў 11,3-11,4%.
На гэтых дадзеных аптымізм адносна інфляцыі заканчваецца. З пачатку 2023 года ў Польшчы цэны на тавары і паслугі выраслі прыкладна на 6%. Як адзначаюць эксперты, гэта таксама можа быць канцом запаволення інфляцыі на больш працяглы перыяд.
эж