Заканчваецца эпоха лаяльнасці працаўнікоў адносна працадаўцаў, паведамляе партал Wgospodarce.pl, спасылаючыся на даследаванні кампаній, якія вядуць набор працаўнікоў.
Рэсурс піша, што супрацоўнікі настаўленыя на змены, прычым гэта глабальны трэнд. Ва ўсім свеце 94% супрацоўнікаў кампаній лічаць, што пастаянна неабходна шукаць лепшую працу. У Польшчы гэты адсотак складае 90%. З даследаванняў вынікае, што 97% супрацоўнікаў не жадаюць прысвячаць фірме большай часткі свайго штодзённага жыцця, а 94% апытаных пры працаўладкаванні спадзяюцца выбару паміж дыстанцыйнай і стацыянарнай працай. Спецыялісты звяртаюць увагу на тое, што пасля эпідэміі каранавіруса сярод супрацоўнікаў кампаній выраслі схільнасці да часцейшай змены працы і патрабаванні адносна вышэйшых заробкаў.
У апошні час заўважальныя тэндэнцыі нелаяльнасці да працадаўцаў з боку супрацоўнікаў. Перш за ўсё працаўнікі зацікаўленыя ў эластычнай сістэме працаўладкавання і ў балансе паміж працай і прыватным жыццём. Адначасова расце колькасць кампаній, якія імкнуцца ўвесці матывацыйную сістэму, каб заахвоціць супрацоўніка да большай лаяльнасці. Так, многія кампаніі прапануюць сваім супрацоўнікам прыватную медыцынскую страхоўку, харчаванне ў офісе, а таксама бонусы на культурныя мерапрыемствы і заняткі спортам. Аднак перш за ўсё заробак з’яўляецца ключавым момантам: новыя кандыдаты, якія працаўладкоўваюцца, перш за ўсё звяртаюць увагу на яго памер, а не на дадатковыя бонусы, паведамляе партал Wgospodarce.pl.
вс