Беларуская Служба

Польскі паліўны канцэрн Orlen стаў уладальнікам 266 АЗС аўстрыйскага брэнду Turmöl

06.07.2023 06:03
У Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ўласнасцю польскага канцэрну будзе больш за 3 тыс. 400 АЗС.
   Orlen
Польскі паліўны канцэрн OrlenShutterstock/MOZCO Mateusz Szymanski

Польскі паліўны канцэрн Orlen падпісаў пагадненне, на моцы якога стаў уладальнікам 266 АЗС аўстрыйскага брэнду Turmöl. Гэта трэцяя па лічбе станцый заправачная сетка ў Аўстрыі, паведамляе партал Interia.pl. АЗС размешчаныя па ўсёй краіне.

Больш за палова купленых польскай фірмай станцый – АЗС з самаабслугоўваннем. Гэта азначае, што кліенты самі запраўляюць аўто і плацяць непасрэдна пры калонцы. На 130 станцыях працуюць крамы, а на 80 існуюць пункты грамадскага харчавання. На 29 станцыях – пункты зарадкі электрамабіляў. У рамках падпісанага пагаднення Orlen стане таксама ўладальнікам фірмы Austrocard, якая прапануе юрыдычным асобам карткі для безнаяўнай запраўкі транспартных сродкаў. Карткі прымаюцца ў 500 пунктах у цэлай Аўстрыі.

Старшыня праўлення канцэрну Orlen Даньель Абайтэк паведаміў у сацыяльных сетках, што набытыя кампаніяй АЗС – гэта 10% аўтапаліўнага рынку ў Аўстрыі. Ён дадаў, што пасля трансакцыі, звязанай з набыццём аўстрыйскіх станцый, у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ўласнасцю польскага канцэрну будзе больш за 3 тыс. 400 АЗС.

Orlen з’яўляецца ўладальнікам сеткі аўтазаправачных станцый у Польшчы, Германіі, Чэхіі, Славакіі і Літве.

Аперацыя па набыццю Turmöl будзе прафінансаваная з прыбытку канцэрну, паведамляе партал Interia.pl.

вс