Выданне Rzeczpospolita піша, што амаль кожны другі паляк не можа сабе дазволіць харчавацца па-за домам з-за высокіх коштаў. Рэстаратары прайграюць барацьбу з высокімі цэнамі. Выдаткі на вядзенне бізнесу не змяншаюцца, цэны на харчовыя тавары працягваюць расці, што, адпаведна, уплывае на высокія цэны ў рэстаранах і кавярнях. Акрамя таго, рост коштаў назіраецца таксама ў іншых галінах жыцця, што адпуджвае спажыўцоў ад прызначэння сродкаў на неістотныя патрэбы, а харчаванне па-за домам трапляе ў гэтую катэгорыю.
Сектар грамадскага харчавання фіксуе запазычанасць у памеры звыш 800 мільёнаў злотых, а фінансавы стан 2/3 такіх аб'ектаў можна назваць кепскім. Прадпрыемствы баяцца павелічэння выдаткаў і страты кліентаў, а кожны другі паляк эканоміць на харчаванні па-за домам.
Рэстараны шукаюць магчымасці прыцягнуць кліентаў. «Мы не павышалі цэнаў 1,5 года, але пазбегнуць гэтага не ўдалося. Гэта вынік росту коштаў на інгрэдыенты, а таксама павышэнне мінімальнай заработнай платы. Мне прыйшлося закрыць два памяшканні», – кажа Міхал Юда, сузаснавальнік Youmiko Vegan Sushi.
Праблемай для рэстаратараў зʼяўляецца не толькі рэзкі рост цэн на харчаванне, але таксама моцнае павышэнне мінімальнага заробку. Таму функцыянаваць на рынку ўсё цяжэй.
Тым не менш, гастраномія ў Польшчы па-ранейшаму застаецца даволі моцным рынкам. Цэны растуць не толькі з-за коштаў на прадукты, але і на энерганосьбіты, газ і мінімальны заробак. Нягледзячы на гэта, агульная колькасць абʼектаў не змяншаецца і перавышае 90 тысяч. Многія рэстараны зачыняюцца, але ствараюцца новыя ў розных сегментах. Некаторыя канцэпцыі спрацоўваюць нават у цяжкія часы. Напрыклад, расце колькасць піцэрыяў, асабліва такіх, дзе нельга спажыць ежу на месцы, а магчымы толькі заказ з дастаўкай.
нг