У Польшчы гасцініцы і пансіянаты пачалі зніжаць цэны. І іх да гэтага пасрэдна прымусілі кліенты, паведамляе партал Businessinsider.com.pl. Цэны на пражыванне падчас летняга адпачынку настолькі напужалі кліентаў, што ўладальнікі аб’ектаў гасцінічнага бізнесу пачалі змяншаць цэны. А скарыстаюцца новымі коштамі адпачывальнікі, якія не планавалі водпуску і не браніравалі нумароў загадзя, таму што той, хто ўжо аплаціў пражыванне, будзе жыць па старых, вышэйшых цэнах.
Найбольшыя праблемы ў гасцініц і пансіянатаў – на Балтыцы. Год таму знайсці нумар летам было амаль немагчыма, цяпер можна выбіраць сярод шматлікіх прапаноў. Падобная сітуацыя назіраецца ў польскіх Татрах.
У мінулым годзе, калі эпідэмія пайшла на спад, польскія турысты масава накіраваліся ў летні водпуск пасля абмежаванняў у падарожжах. Гэтым скарысталіся аб’екты гасцінічнай галіны. Летась палякі скардзіліся, што цэны на ўнутраным турыстычным рынку проста касмічныя. Таму сёлета шматлікія палякі, памятаючы леташні горкі вопыт, пачалі купляць туры ў замежныя краіны, якія, дарэчы, часта былі таннейшыя за адпачынак у Польшчы. Як вынік на гэтым страціў унутраны турызм. Польскія турыстычныя аб’екты, заўважыўшы такую тэндэнцыю, пачалі зніжаць цэны. Так, цяпер нумар у гасцініцы альбо пансіянаце можна зняць на 30% танней у параўнанні з мінулым годам.
вс