Беларуская Служба

У Еўропе расце пагроза рэцэсіі

25.07.2023 13:45
Апошняе апытанне кіраўнікоў прыватных прамысловых і сэрвісных кампаній паказвае ўзмацненне неспрыяльных тэндэнцый у найбуйнейшых еўрапейскіх эканоміках.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Image by Gerd Altmann from Pixabay

У ліпені кампазітны індэкс PMI – індэкс дзелавой актыўнасці – для зоны еўра знізіўся да 48,9 пункта і гэта самы нізкі ўзровень з лістапада мінулага года.

На думку эканамістаў ING Bank Śląski SA, эканамічная карціна Францыі і Германіі, дзвюх найбуйнейшых эканомік еўразоны, надзвычай змрочная. Спад вытворчасці ў прамысловасці і сферы паслуг, адзначаны ў гэтых краінах, часткова кампенсуецца іншымі краінамі-чальцамі ЕС, якія ўваходзяць у зону адзінай валюты. На думку экспертаў ING, гэта можа быць звязана з паспяховым летнім сезонам і звязанымі з гэтым лепшымі вынікамі тых краін, для якіх турызм з'яўляецца важнай галіной эканомікі. «Аднак станоўчы эфект ад турызму не выглядае настолькі моцным, каб супрацьстаяць паслабленню эканомікі еўразоны ў іншых краінах», – пішуць эканамісты ў каментары да апошніх паказанняў PMI.

«Вытворчасць прыватнага сектару знізілася ў зоне еўра ў ліпені самымі хуткімі тэмпамі за восем месяцаў (...), сігналізуючы пра слабы пачатак трэцяга квартала. Пагаршэнне паказчыкаў адносна будучай вытворчасці або новых замоў паказвае на магчымае паглыбленне эканамічнага спаду ў бліжэйшыя месяцы і заахвочвае кампаніі адмовіцца ад найму новых супрацоўнікаў», – напісаў Крыс Уільямсан, галоўны бізнес-эканаміст S&P Global Market Intelligence, у каментары да дадзеных па еўразоне. Па словах Уільямсана, апублікаваныя дадзеныя сведчаць аб паслабленні інфляцыйнага ціску і росце верагоднасці рэцэсіі ў зоне еўра ў Еўрасаюзе.

Паводле Dziennik Gazeta Prawna / вх