Газета Rzeczpospolita апісвае сітуацыю ў сферы працы для айцішнікаў. Яшчэ нядаўна ў гэтай галіне назіраўся ў Польшчы недахоп супрацоўнікаў, а цяпер аказваецца, што іх закранаюць шматтысячныя скарачэнні працоўных месцаў. Напрыклад, старшыня польскай кампаніі CD Projekt, вытворцы такіх відэагульняў, як «Вядзьмак» і «Кіберпанк», Адам Кічыньскі паведаміў, што студыя расстаецца з амаль 9 працэнтамі сваіх супрацоўнікаў.
Калі ў траўні назіраўся лёгкі рост маштабу працаўладкавання, то чэрвень прынёс зніжэнне колькасці прапаноў працы ў інтэрнэце. Асабліва гэта датычыць галіны новых тэхналогіяў. Аднак інфармацыя аб скарачэнні персаналу ў канкрэтных IT-кампаніях на рынак трапляе рэдка. Справа ў тым, што ў многіх фірмах айцішнікі працуюць не на стаўку, а паводле кантракту, таму ім значна прасцей расстацца з такім чалавекам, чым з тым, хто працуе на штаце.
Часцей за ўсё «пад нож» трапляюць менш кваліфікаваныя работнікі, якіх набіралі ў часы буму на рынку, таму прыходзілася даваць навабранцам высокія заробкі. А цяпер яны сталі надта дарагімі, аднак некаторым кампаніям таксама даводзіцца расставацца з вопытнымі спецыялістамі, што пацвярджаюць прадстаўнікі кампаній і кадравых парталаў.
Бум на рынку ІТ, які назіраўся пасля пандэміі, вернецца не хутка, і адказныя кампаніі, верагодна, рыхтуюцца да таго, што ён можа ніколі не вярнуцца. Сёння кліентаў стала менш, а таксама, баючыся крызісу, кампаніі абмяжоўваюць выдаткі, у тым ліку тэхналогіі. Яны больш не могуць дазволіць сабе ўнікальныя рашэнні, распрацаваныя спецыяльна для іх, але просяць больш танныя прыкладанні або гатовыя платформы, каб знізіць выдаткі.
нг