Беларуская Служба

Інвестары ўсё часцей глядзяць на Польшчу, краіна на другім месцы ў Еўропе па прывабнасці капіталаўкладанняў

08.08.2023 12:39
У Еўропе ў сёлетнім рэйтынгу міжнароднай кансалтынгавай кампаніі Kearney «Global Services Location Index 2023» Польшчу апярэджвае толькі Вялікабрытанія. Рэйтынг, які публікуецца ў дванаццаты раз, ацэньвае прывабнасць 78 краін свету з пункту гледжання прыцягнення інвестыцый у сучасныя бізнес-паслугі. Найбольш прывабнымі ў свеце зноў называюць Індыю, Кітай і Малайзію.
Ілюстрацыйнае фотаShutterstock/Mike Mareen

У сусветным рэйтынгу Польшча паднялася на 13-е месца (з 14-га год таму) і займае другое месца ў Еўропе. Польшчу ўспрымаюць як адну з самых перспектыўных краін для тэхналагічных інвестыцый.

– На першы погляд можа быць невідавочна, што Польшча падымецца ў нашым рэйтынгу, у той час як цана рабочай сілы расце, а бізнэс-асяроддзе нявызначанае, – прызнае Крысьціян Камык, кіраўнічы партнёр Kearney у Польшчы, у інтэрв'ю выданню Rzeczpospolita. Аднак ён зазначае, што прывабнасць Польшчы з пункту гледжання размяшчэння паслугаў ужо даўно не вызначаецца канкурэнтаздольнасцю заробкаў. Па ўзроўню аплаты працы Польшча знаходзіцца ў адным шэрагу з краінамі паўднёвай Еўропы (на некаторых пасадах у ІТ у Польшчы стаўкі вышэй, чым у Іспаніі). Пры гэтым па многіх паслугах Польшча ў некалькі разоў даражэйшая за Індыю, якая зʼяўляецца сусветным лідарам па прывабнасці для інвестараў сучасных бізнес-паслуг.

Па словах Камыка, прывабнасць для інвестараў вызначаецца наяўнасцю талентаў з неабходнымі інвестарамі навыкамі і ўзроўнем польскіх спецыялістаў, якія могуць высокаякасна выконваць працу. Таму інвестары, якія шукаюць самых танных супрацоўнікаў у Азіі, усё часцей размяшчаюць цэнтры перадавых паслугаў у Польшчы.

Польшчу пасля Канады і Сінгапура называюць адной з найбольш прывабных краін з пункту гледжання тэхналагічных інвестыцый, – падкрэслівае Караліна Ляшкевіч, дырэктар Kearney. Прывабнасць Польшчы пацвярджаюць і эксперты Асацыяцыі лідараў бізнес-паслуг (ABSL), якая абʼядноўвае вядучых гульцоў гэтай галіны.

У 2022 годзе доля вузкаспецыялізаваных працэсаў, заснаваных на ведах (у тым ліку ІТ), упершыню перавысіла 50% ад усіх паслугі ў цэнтрах у Польшчы.

Постпандэмічная тэндэнцыя перамяшчэння інвестыцый з аддаленых месцаў у бліжэйшыя рэгіёны, у тым ліку ў Цэнтральную і Усходнюю Еўропу, таксама дапамагае краіне. Гэтая тэндэнцыя дапамагла сёлета прасунуцца не толькі Польшчы, але і іншым краінам рэгіёна: Венгрыі, Чэхіі і Румыніі.

Rzeczpospolita / вх