Беларуская Служба

Эксперт: Паліўны крызіс у нафтавай сферы, якому не дапаможа альянс Аравіі і Расіі

08.08.2023 17:30
Саудаўска-расійскі нафтавы альянс працуе, нягледзячы на рознагалоссі, і можа павышаць нашы цэны на рынку, але гэта не дапамагае Крамлю пазбегнуць наступстваў санкцый за ўварванне ва Украіну, у тым ліку дэфіцыту паліва.
Ілюстрацыйнае фотаshutterstock/QiuJu Song

Будучыня больш залежыць ад Кітая, якому пагражае рэцэсія, піша Войцех Якобік, галоўны рэдактар BiznesAlert.pl.

Саудаўская Аравія вырашыла падоўжыць скарачэнне здабычы нафты на 1 мільён барэляў у дзень да верасня з магчымасцю далейшага падаўжэння і паглыблення скарачэння. Варта нагадаць, што гэта працяг палітыкі, распачатай у красавіку 2023 года пасля таго, як расіяне абвясцілі аб такім жа скарачэнні вясной. Крэмль прызнаў, што санкцыі Захаду прымусілі яго скараціць здабычу нафты. Аднак скарачэнне здабычы расіянамі склала менш за 500 тысяч барэляў у дзень і дасягнула ў красавіку 2023 года каля 100 тысяч, што выклікала незадаволенасць у сталіцы Саудаўскай Аравіі Эр-Рыядзе, пра што адзначылі заходнія СМІ: агенцтвы Bloomberg і Reuters, а таксама Wall Street Journal. Яны апісалі канфлікт паміж Масквой і Эр-Рыядам аб узроўні скарачэння здабычы нафты. Стваралася ўражанне, што Крэмль падмануў саудаўцаў. Аднак гэта не азначае, што саудаўска-расійскі нафтавы альянс разваліўся.

Далейшыя перамовы ў чэрвені 2023 года праходзілі без удзелу агенцтваў, якія паведамляюць аб канфліктах, іх журналісты не атрымалі акрэдытацыі на саміт АПЕК+. Канфлікт замялі, лічбы прааналізавалі. Нафтавы картэль АПЕК (не блытаць з групай АПЕК+, якая дадаткова аб'ядноўвае дванаццаць вытворцаў па-за картэлем, уключаючы Расію) падлічыў, што расіяне ў вныіку скарацілі здабычу на 300 000 барэляў у дзень, гэта значыць ніжэй заяўленага.

Чэрвеньскі саміт прывёў да дэкларацыі Саудаўскай Аравіі аб скарачэнні нафтаздабычы да аднаго мільёна барэляў у дзень, верагодна, каб зняць уражанне неэфектыўнасці скарачэнняў, створаных Расіяй, якая ў спалучэнні з дрэннымі эканамічнымі дадзенымі з Кітая зніжала цану за барэль. Расіян абавязалі даваць OPEC фактычныя дадзеныя аб сваёй здабычы, нягледзячы на тое, што Крэмль засакрэціў інфармацыю аб нафтавым сектары пасля ўварвання ва Украіну да красавіка 2024 года.

Расіяне ўслед за саудаўцамі ў жніўні заявілі, што скароцяць здабычу на 300 тысяч барэляў, і на гэты раз гэта будзе больш дакладная лічба, паколькі Эр-Рыяд гэтым разам спраўдзіў заявы Масквы.

Саудаўска-расійскі нафтавы альянс працягвае дзейнічаць, нягледзячы на рознагалоссі. Важна тое, што гэта прынесла эфект. У канцы ліпеня амерыканцы зафіксавалі рэкорднае падзенне запасаў нафты на 17,05 млн барэляў. Гэта самае вялікае тыднёвае падзенне ў гісторыі. Гэта вынік росту попыту ў краіне і за мяжой. Запасы нафты ў ЗША цяпер на самым нізкім узроўні з 1985 года і складаюць каля 800 000 барэляў у параўнанні з 1,2 мільёна ў 2015 годзе. Палітыка АПЕК+ падштурхнула цану за барэль тэхаскай сумесі WTI вышэй за 80 долараў і адштурхнула ЗША ад папаўнення стратэгічных запасаў нафты, запланаванага на чэрвень 2023 года.

Некаторыя аналітыкі адзначаюць, што новыя скарачэнні АПЕК+, як ні дзіўна, заўсёды адбываліся незадоўга да планаванага папаўнення запасаў у ЗША. Амерыканцы планавалі папоўніць запасы нафты па цане 67-72 долараў за барэль WTI. Больш высокая цана, выкліканая дзеяннямі OPEC+, прымусіла іх адмовіцца ад пакупкі шасці мільёнаў барэляў нафты, і невядома, калі яны вернуцца да іх.

Гэта азначае, што запланаваны рост здабычы нафты ў ЗША на 700 тысяч барэляў у дзень, які патэнцыйна можа кампенсаваць падзенне прапановы АПЕК+ на сусветным рынку, можа ўдарыць па ўнутраным рынку, не закрануўшы інтарэсаў Аравіі і Расіі. Такім чынам амерыканцы паслабяць рэкордныя цэны на паліва на сваіх станцыях за кошт сусветнага рынку, які застанецца менш забяспечаным і павысіць кошт барэля і паліва.

Калі перафразаваць першага генеральнага сакратара НАТА Гасцінгса Лаянэла Ісмая, які сказаў, што альянс быў заснаваны, каб «расіян трымаць далёка, амерыканцаў пры сабе і немцаў пад кантролем», нафтавая здзелка АПЕК+ прызначана для таго, каб падтрымліваць цэны на нафту уверсе, запасы ЗША ўнізе і
экспартаваць сланцавую рэвалюцыю ЗША.

Аднак уплыў на рынак можа адрознівацца ў залежнасці ад фактараў як унутры, так і за межамі ўплыву АПЕК+. Пачаць варта з таго, што ўзровень здабычы нафты не мае жорсткай залежнасці ад прапановы гэтага паліва на рынку. Гэта таксама залежыць ад таго, колькі сыравіны ідзе на НПЗ.

Яшчэ адзін фактар, які цяжка прагназаваць, – гэта попыт на нафту ў ЗША і Кітаі. Чакаецца, што першыя, па дадзеных Упраўлення энергетычнай інфармацыі, будуць спажываць больш у 2023 годзе, чым у 2022 годзе. Кітай спачатку зафіксаваў падзенне спажывання нафты, а потыом павялічыў яго, галоўным чынам дзякуючы танным закупкам у Расіі. Нафтавы сектар Кітая разлічваў на хуткае эканамічнае развіццё ў другой палове 2023 года, што прывядзе да росту попыту, таму павялічыў імпарт і падняў цэны.

«Хваля попыту, якая абнадзейвае, здаецца сёння сумніўнай», – адзначае WSJ. На рынку жылой нерухомасці назіраецца няўхільнае падзенне продажаў і коштаў. Інфляцыя і спажыванне нізкія, і ад іх залежыць развіццё Кітая. Ёсць асцярога, што кітайцам пагражае тэхнічны спад. Калі кітайская эканоміка не адновіцца, цэны на нафту абваляцца.

Гэта азначае, што палітыка АПЕК+ уплывае на рынак і павышае цэны на нафту, і таму можа часова падштурхнуць цэны на станцыях. Аднак гэта не дапаможа Расіі, якая праз санкцыі Захаду перажывае шэраг крызісаў, у тым ліку парадаксальны крызіс на аўтазаправачных станцыях. Будучыня будзе залежаць у большай ступені ад попыту, стану сусветнай эканомікі на чале з вечна галодным Кітаем, які можа перастаць адчуваць дэфіцыт у выпадку працяглай рэцэсіі.

Матэрыял цалкам чытайце на сайце biznesalert.pl /  вх