Беларуская Служба

Цягнікоў у Беларусь няма і не будзе

09.08.2023 11:01
Пасажырскія чыгуначныя зносіны паміж Польшчай і Беларуссю былі ліквідаваныя на пачатку пандэміі каранавіруса.
Чыгункаivabalk/pixabay.com/CC0 Public Domain

Пасажырскія цягнікі з Польшчы ў Беларусь не курсіруюць і так застанецца, як мінімум, да снежня наступнага года. Міністэрства інфраструктуры не плануе аднаўляць курсаў у Брэст, Гродна ці Мінск, паведамляе старонка rynek-kolejowy.pl.

З пачатку пандэміі каранавіруса – у 2020 годзе Савет міністраў прымаў чарговыя пастановы, паводле якіх стаў немагчымым запуск пасажырскіх чыгуначных зносін паміж Польшчай і Беларуссю. Хоць апошняе абмежаванне, звязанае з пандэміяй было адмененае з канцом красавіка бягучага года, то памежныя пераходы з Беларуссю па-ранейшаму зачыненыя.

«Пасажырскі рух на мяжы з Рэспублікай Беларусь праз чыгуначныя пераходы «Кузніца Беластоцкая – Гродна» і «Тарэспаль – Брэст» не дазваляецца», – кажа прэс-сакратар Міністэрства інфраструктуры Шымaн Гуптысь.

Гэта адзіныя два пераходы, чыгуначны рух на якіх быў прыпынены больш за тры гады таму. Рух цягнікоў на пераходзе «Чаромха – Высокае» быў прыпынены больш за дзесяць гадоў таму і не аднавіўся, нягледзячы на рамонт, коштам у 30 мільёнаў злотых.

Новы графік чыгуначных спалучэнняў у Польшчы павінен уступіць у сілу ў сярэдзіне снежня гэтага года. Нават, калі да таго часу польскае МУС выдасць пастанову аб спыненні забароны на міжнародныя чыгуначныя зносіны праз Тарэспаль і Кузніцу, у раскладзе злучэнняў на 2024 год маршрутаў у Беларусь не будзе.

«Разам з PKP Intercity мы не плануем запускаць чыгуначныя пасажырскія зносіны паміж Польшчай і Беларуссю», – выразна заяўляе прэс-сакратар Міністэрства інфраструктуры Польшчы. Старонка нагадвае, што да ўспышкі пандэміі з Тарэспаля ў Брэст курсіравалі рэгіянальныя цягнікі, якіх польскія ўлады таксама не плануюць аднаўляць.

аз