Усё больш прадпрымальнікаў у Польшчы прыпыняюць свой бізнес – піша Rzeczpospolita. Калі да канца года сітуацыя не зменіцца, то больш за 220 тысяч чалавек адмовяцца ад прадпрымальніцкай дзейнасці. Вялікая колькасць прыпыненай дзейнасці сведчыць аб будучым росце колькасці банкруцтваў. Асабліва ў буйных галінах: будаўніцтве, гандлі, транспарце.
Прадпрымальнікі, якія адказваюць на пытанні аб перашкодах у вядзенні бізнесу, часцей за ўсё кажуць пра высокі кошт працаўладкавання і непрадказальнасць эканамічнай сітуацыі. Аднак, як адзначае Галоўнае статыстычнае ўпраўленне, якое збірае гэтую інфармацыю, найбольш за год вырасла значэнне нізкага попыту на ўнутраным і знешнім рынках.
Калі б скарыстацца біблейскай мовай, можна было б напісаць, што год выбараў – гэта пятае бедства, якое ўдарыла па эканоміцы. Першым была пандэмія, другім – вайна, трэцім – хоць гэта нельга параўнаць з вайной – грашовая палітыка ўладаў, якая выклікала рост інфляцыі ў Польшчы. Чацвёртае – падатковая неразбярыха, якая вынікае з прынятага ўладамі дакументу «Польскі лад». Яшчэ адно абяцанне, якое не заўсёды ідзе ў карысць эканомікі ці дзяржаўных фінансаў. Скажам, калі мы інвестуем у якасць жыцця пажылых людзей, але робім гэта за кошт дзяржаўных паслуг, у тым ліку адукацыі. Калі зніжаем падаткі, але наступствам з'яўляецца падзенне даходаў мясцовых органаў улады. Рашэнні ўладаў не застаюцца без уплыву на бізнес. Напрыклад, пашырэнне магчымасці раней выйсці на пенсію. Гэта поспех для прафсаюзаў, але праблема для бізнесу.
Таксама дзяржава не павінна перашкаджаць вядзенню бізнесу шляхам пашырэння бюракратыі або частых зменаў заканадаўства. Калі ўлада пра гэта забывае, а сочыць толькі за ўзроўнем перадвыбарчай падтрымкі, то можа аказацца, што наступствы прывядуць да эканамічнага калапсу.
нг