Дадзеныя за першае паўгоддзе паказваюць, што Беларусь становіцца ўсё больш залежнай ад Расіі. За свой удзел у расійскай агрэсіі Мінск плаціць усё больш высокую цану, губляючы рынкі збыту ў Еўрасаюзе і Украіне. Беларусь паступова ператвараецца ў рэгіён Расійскай Федэрацыі, сведчаць аналізы Цэнтра ўсходніх даследаванняў, на якія спасылаецца старонка money.pl.
Тавараабарот з Расійскай Федэрацыяй ужо дасягнуў каля 70 працэнтаў ад агульнага гандалю Беларусі. Мінск прэзентуе гэтую сітуацыю як поспех у барацьбе з санкцыйным ціскам Захаду і пасля многіх месяцаў рэцэсіі хваліцца эканамічным ростам на ўзроўні 2 працэнтаў ВУП. Аднак рэжым не згадвае пра рэзкі рост імпарту і дэфіцыт гандлёвага балансу, які перавышае 1,6 мільярда долараў. За аналагічны перыяд 2022 года згаданы гандлёвы баланс быў станоўчы і складаў больш за 2 мільярды долараў. Эфект? У эканамічным плане Беларусь цалкам залежыць ад супрацоўніцтва з Расіяй, паведамляе Цэнтр усходніх даследаванняў.
Беларускія ўлады шукаюць новых пастаўшчыкоў. У асноўным гэта Кітай, які стаў другім пасля Расіі гандлёвым партнёрам Мінска. На імпарт таксама ўплывае падзенне курсу беларускага рубля. Санкцыі скарацілі долю ЕС у беларускім экспарце да 5 працэнтаў. Аналітыкі нагадваюць, што тры гады таму яна складала 40-50 працэнтаў. Абмежаванні ўдарылі па найбольш прыбытковых катэгорыях экспарту, такіх як: нафтапрадукты, угнаенні, драўніна, метал і сталь. Аб'ём продажаў у ЕС скараціўся з 5,6 мільярда еўра ў 2021 годзе да 3,2 мільярда еўра ў 2022 годзе.
ВУП Беларусі знізіўся на 4,7 працэнта. Страта ўкраінскага рынку прывяла да таго, што Расія стала адзіным кірункам для беларускага экспарту.
Залежнасць Беларусі ад Расіі бачная і ў дадзеных аб транзіце грузаў з Беларусі праз тэрыторыю Расіі. У першым паўгоддзі гэтага года ў расійскіх партах было перагружана 6 мільёнаў тон тавараў, у той час як за аналагічны перыяд 2022 года толькі 1,5 мільёна тон, падкрэсліваюць эксперты Цэнтра ўсходніх даследаванняў.
аз