Беларуская Служба

Кожны дзясяты замежны працаўнік у Польшчы - беларус

24.08.2023 18:16
У Польшчы працуе больш за мільён замежнікаў: беларусы – на другім месцы
Працаjarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

На 27,3% павялічылася летась колькасць працаўладкаваных у Польшчы замежнікаў, паведаміла Галоўнае статыстычнае ўпраўленне краіны. Большая частка працаўнікоў – украінцы і беларусы.

Найбольшую групу працоўных – каля 73% – складаюць грамадзяне Украіны. Другой па колькасці групай былі беларусы – гэта кожны дзясяты замежнік, які працуе ў Польшчы.

Сярод замежнікаў больш за ўсё ў Польшчы працавала мужчын, але іх доля ў 2022 годзе знізілася з 64,7% да 58,2%. Сярэдні ўзрост іншаземцаў быў ніжэйшы, чым у працуючых палякаў, і складаў 37 гадоў.

Паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, у Польшчы замежнікі найчасцей знаходзілі працу ў сферы гандлю, паслуг і грамадскага харчавання. У гасцінічнай і гастранамічнай галіне доля працуючых замежнікаў на канец мінулага года склала 14%, як і ў транспартнай сферы. У астатніх галінах эканомікі яна не перавышала 10%.

Усё больш украінцаў з'яжджаюць з Польшчы ў іншыя дзяржавы, у прыватнасці, у Германію. У той жа час у краіне расце колькасць працоўных з Філіпін, Інданезіі і Афрыкі. У гатэлях на ўзбярэжжы Балтыйскага мора ўсё часцей можна сустрэць афіцыянтаў, кухараў ці пакаёвак з далёкіх краінаў.

Дырэктар пяцізоркавай гасцініцы Hamilton у балтыйскім Сьвінавуйсьці сказаў, што гэта вельмі надзейныя, стабільныя і добразычлівыя супрацоўнікі, якія адрозніваюцца сумленнай працай. Больш за 60% персаналу яго гатэля – замежнікі.

Яшчэ да пачатку эпідэміі каранавіруса самай вялікай групай працоўных у Польшчы былі ўкраінцы. Аднак за апошнія два сезоны, і асабліва ў гэтым годзе, назіраецца хуткі рост колькасці супрацоўнікаў з іншых краін, у тым ліку з Кеніі, Туніса і Інданезіі.

вс