З мінулага года Польшчу пакінула больш за 350 тыс. бежанцаў з Украіны. Такія дадзеныя вынікаюць са справаздачы, падрыхтаванай адной з фірм па працаўладкаванні і Цэнтрам вывучэння Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта. Прычым 150 тыс. з іх выехала ў Германію.
Справаздача паказвае, што для выезду былі дзве асноўныя прычыны: з аднаго боку, сям'я ці сябры ў Германіі, а з другога – больш высокі фінансавы статус і ўзровень жыцця. На практыцы гаворка ідзе пра больш высокія сацыяльныя выплаты або прапановы працы з большым заробкам, а таксама пра тое, што пасля аплаты рахункаў заставалася больш на руках, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.
У сваю чаргу партал Business Insider піша, што ў лютым у Польшчы знаходзілася каля 1 млн 300 тыс. бежанцаў з Украіны. Сёння іх менш за мільён – каля 968 тыс.
Партал звяртае ўвагу на тое, што Германія апярэдзіла Польшчу па колькасці бежанцаў з Украіны. Цяпер у ФРГ знаходзіцца каля 1 млн 80 тыс. грамадзян Украіны, хоць перад вайной украінскае насельніцтва ў Германіі было адносна малалікім. Па дадзеных Федэральнага статыстычнага ўпраўлення Германіі, да канца 2020 года ў краіне знаходзілася 135 тыс. грамадзян Украіны. Такім чынам, з часоў вайны туды прыехала каля мільёна ўкраінскіх жыхароў. І гэтая лічба ўвесь час расце, у адрозненне ад Польшчы.
Яшчэ год таму Германія здавалася не вельмі дружалюбным месцам для ўцекачоў з Украіны. У многіх буйных гарадах праходзілі прарасійскія дэманстрацыі, а ў СМІ зʼяўляліся паведамленні аб дрэнным стаўленні да ўкраінцаў з боку службовых асоб ды звычайных немцаў.
Не кажучы ўжо пра тое, што ўкраінцы звычайна не ведалі нямецкай мовы, а культурныя і моўныя адрозненні паміж украінцамі і немцамі значна большыя, чым украінцамі і палякамі.
У выданні зазначаюць, што знаходжанне ў Германіі больш выгаднае для бежанца. Па стандарце, дарослыя шукальнікі прытулку маюць права на 410 еўра штомесяц.
Атрымаўшы прытулак, бежанцы могуць працаваць, а заработная плата ў Германіі значна вышэйшая, чым у Польшчы. Мінімальны заробак у гэтай краіне складае 12 еўра за гадзіну. Для параўнання: у Польшчы ў пераводзе на еўра – каля 4 еўра 80 цэнтаў.
Моўны барʼер застаецца, хоць даследаванні ўраду ў Берліне паказваюць, што тры чвэрці ўкраінскіх бежанцаў у краіне прайшлі моўныя курсы, якія звычайна фінансуюцца дзяржаўнымі ўстановамі Германіі.
вс