Беларуская Служба

Расія прыпыняе экспарт паліва. Польшча мае ўласныя запасы

22.09.2023 14:12
Расія змагаецца з паліўным крызісам, выкліканым скарачэннем датацый на АЗС, якія павялічваюць прыбытковасць гэтага віду бізнесу.
Ілюстрацыя Фота: Shutterstock/zieusin

Распараджэнне прэм'ер-міністра Расіі Міхаіла Мішусціна аб часовым прыпыненні экспарту паліва распаўсюджваецца на бензін і салярку. Гэта рашэнне не распаўсюджваецца на краіны Еўразійскага эканамічнага саюза, піша польскі партал biznesalert.pl. Нямецкая газета Handelsblatt тлумачыць гэтае рашэнне недахопам паліва, асабліва на поўдні Расіі. Апошнім часам у некаторых рэгіёнах назіраецца недахоп бензіну і дызельнага паліва, асабліва на поўдні гэтай вялікай краіны – важным сельскагаспадарчым рэгіёнам. Раней урад РФ спрабаваў павялічыць абʼём паліва, якое прадаецца на нацыянальных біржах.

Расія змагаецца з паліўным крызісам, выкліканым скарачэннем датацый на АЗС, якія павялічваюць прыбытковасць гэтага віду бізнесу. Першапачаткова планавалася ўвесці ліцэнзію на экспарт паліва, каб скараціць шэрую зону. Забарона на экспарт – больш радыкальны крок. У некаторых рэгіёнах на поўдні Расіі на станцыях ужо скончылася паліва.

Пастанова ўрада аб блакаванні экспарту паліва была абвешчаная 21 верасня і ўступае ў сілу з дня абвяшчэння, яна бестэрміновая і будзе заставацца ў сіле да далейшага паведамлення. Выключэнне складаюць пастаўкі за межы Расіі, якія выкарыстоўваюцца для забеспячэння ўнутранага рынку, у рамках гуманітарнай дапамогі, міжурадавых пагадненняў з краінамі Еўразійскага эканамічнага саюзу, ужо перададзенага да пастаўкі паліва, а таксама пастаўкі ў марыянеткавыя непрызнаныя рэспублікі Абхазію і Паўднёвую Асецію.

Прыпыненне экспарту паліва з Расіі прывядзе да далейшага росту цэнаў на нафтапрадукты ў свеце. Расія зʼяўляецца адным з найважнейшых сусветных вытворцаў паліва, і, нягледзячы на ​​санкцыі, яе вага на сусветных рынках застаецца істотнай.

Польшча не імпартуе паліва з Расіі. Паводле польскага заканадаўства, краіна абавязана захоўваць запасы паліва на 90 дзён у адпаведнасці з рэкамендацыямі Міжнароднага энергетычнага агенцтва. Еўразвяз увёў марское эмбарга і максімальна дапушчальную цану на іншыя пастаўкі расійскага паліва.

эж