Беларуская Служба

З-за інфляцыі палякі мяняюць пакупкі ў звычайных крамах на е-пакупкі

26.09.2023 11:57
Кожны другі паляк купляе праз інтэрнэт часцей, чым год таму.
Ілюстрацыйны здымакShutterstock/afotostock

Усе хочуць ашчаджаць, нават тыя, хто мае самыя высокія даходы, таму рынак павінен на гэта адрэагаваць – чытаем у выданні «Rzeczpospolita».

«Згодна са справаздачай Палаты электроннай эканомікі і Інстытута мабільнай сувязі, 70 працэнтаў палякаў ужо перайшлі або пераходзяць на пакупкі ў інтэрнэце прынамсі ў адной вялікай катэгорыі сямейных выдаткаў, такіх як адзенне, касметыка, электроніка, або паўсядзённыя пакупкі прадуктаў, бытавой хіміі ці лекаў», – піша газета.

Адзначаецца, што «з-за інфляцыі і непрадбачанасці некаторыя рэспандэнты знялі наяўныя, а некаторыя – наадварот, сталі аплачваць усё лічбавым спосабам, каб лепш адсочваць выдаткі. Кожны дзясяты абмяняў злотыя на больш стабільную валюту».

«Амаль усе апытаныя адчуваюць пагаршэнне свайго фінансавага стану. Толькі заможныя палякі (якія зарабляюць 7 тыс. злотых у месяц -1520 еўра) лічаць, што іх сітуацыя лепшая, чым год таму», – адзначаецца ў выданні.

Палата электроннай эканомікі падкрэслівае, што польскія спажыўцы таксама пачынаюць усё часцей зазіраць у замежныя электронныя крамы. Прываблівае цікавы, больш танны і больш якасны асартымент.

Падкрэсліваецца, што адна з прычын, па якой спажыўцы вырашаюцца на электронныя пакупкі, – магчымасць бясплатнага і беспраблемнага вяртання тавару. Гэта, побач з адтэрміноўкай плацяжу, зараз найважнейшы фактар у электронных пакупках, – чытаем у «Rzeczpospolita».

яс