Польскі рынак залівае рапсавы шрот з Беларусі і Расіі, перасцерагае Польская асацыяцыя вытворцаў алею і заклікае ўлады да дзеянняў па гэтай справе, паведамляе старонка farmer.pl.
Паводле асацыяцыі, у Польшчу паступіла на 900 працэнтаў больш рапсавага шроту з Беларусі, чым у папярэднім сезоне. Верагодна, частка рапсавага шроту, які імпартуецца з Беларусі і Літвы, можа паходзіць з Расіі. Між тым, імпарт рапсавага шроту ўплывае на кошт рапсу ў Польшчы.
«Апошнія тыдні мы акцэнтавалі ўвагу, перш за ўсё, на імпарце збожжавых з Украіны. Аднак вытворцы алею бачыць таксама іншую сур’ёзную праблему ў імпарце рапсавага шроту, які ідзе наўпрост у Польшчу з Беларусі, як беларускі, так і з Літвы, як літоўскі і беларускі рапс. У нас ёсць абгрунтаваныя падазрэнні, што значная частка згаданага імпарту мае расійскае паходжанне. Гаворка ідзе пра велізарныя рост больш чым на 900 працэнтаў у параўнанні з сезонам 2021/2022 гг. Здаецца, што гэта варыянт, за якім трэба ўважліва сачыць і прымаць ахоўныя меры, таму што такі важны імпарт зніжае кошты на еўрапейскім рынку», – кажа дырэктар Польскай асацыяцыі вытворцаў алею Адам Стэмпень.
Ён дадае ён, цана тоны рапсавага шроту «з усходняга імпарту» на 100 і больш злотых ніжэйшая чым польскага.
Паводле падлікаў Польскай асацыяцыі вытворцаў алею, за ўвесь сезон 2022/2023 імпарт з Беларусі склаў больш за 64,5 тысячы тон рапсавага шроту (больш за 7 тысяч тон у сезоне 2021/2022), то бок вырас на 909 працэнтаў у параўнанні да папярэдняга сезона і на 937 працэнтаў у параўнанні з сярэднім аб'ёмам імпарту рапсавага шроту за папярэднія 4 сезоны (6 892 тоны).
Сёлета Беларусь зʼяўляецца дамінуючым напрамкам імпарту рапсавага шроту ў Польшчу – гэта амаль 61 працэнт ад агульнага абʼёму імпарту рапсавага шроту ў перыяд са студзеня па ліпень. У той жа час імпарт з Украіны склаў амаль удвая менш (31,5 працэнта ад агульнага абʼёму імпартаванага ў Польшчу рапсавага шроту), але вырас на 647,5 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года.
«Існуе высокая верагоднасць таго, што частка рапсавага шроту, які ўвозіцца з Беларусі ў Польшчу, нягледзячы на заявы аб паходжанні, насамрэч паходзіць з Расіі», – перасцерагае Польская асацыяцыя вытворцаў алею i звяртае ўвагу, што падобная праблема назіраецца таксама ў Літве, дзе згаданы імпарт вырас на 320 працэнтаў.
«Літва стала своеасаблівым цэнтрам экспарту рапсавага шроту ў іншыя краіны ЕС, у тым ліку ў Польшчу», -лічаць прадстаўнікі асацыяцыі.
Дырэктар Польскай асацыяцыі вытворцаў алею Адам Стэмпень, ужо раней звяртаў увагу таксама на іншую праблему. Гаворка ідзе пра тое, што эмбарга на ўкраінскія жбожавыя, можа прычыніцца да таго, што ўкраінцы пачнуць перапрацоўваць насенне рапсу і сланечніка ў сябе, а значыць, экспартаваць гатовую прадукцыю – рапсавы алей і шрот.
аз