Газета Rzeczpospolita піша пра планы палякаў на апошнія месяцы года. Гаворка ідзе пра дадатковы заробак. Вялікая частка апытаных дарослых жыхароў Польшчы сказала, што яны намераны пашукаць часовае працаўладкаванне. Пад канец года ў людзей як правіла назіраюцца большыя выдаткі, чым у іншыя месяцы – гэта святочныя падарункі і арганізацыя святкавання. Акрамя таго, шмат апытаных адказала, што яны намераны прыдбаць нейкія рэчы падчас традыцыйных распродажаў у Чорную пятніцу (Black Friday).
Зарплаты ў Польшчы растуць не так хутка, як інфляцыя, што схіляе вялікі адсотак жыхароў шукаць магчымасці падзарабіць. На гэтую прычыну ўказала 56% апытаных ва ўзросце 35-44 гады. Таксама шмат маладых ва ўзросце 18-24 гады намераны пашукаць часовую працу – каля 40%. У гэтай групе шмат студэнтаў, якім прыходзіцца плаціць за сваё ўтрыманне – ад 1,5 тыс да 3 тыс у месяц.
Беспрацоўе ў Польшчы цяпер вельмі нізкае, дзякуючы чаму даволі проста знайсці магчымасць падзарабіць дадатковыя грошы. Напрыклад, кладаўшчык, касір ці іншы супрацоўнік крамы можа атрымаць нават 250 злотых ($57) за адзін дзень працы.
нг