Мэбля стала найважнейшым экспартным таварам Беларусі на еўрапейскія рынкі, паведамляе Der Spiegel. Выданне нагадвае, што ў адрозненне ад драўніны, нафты, сталі ці штучных угнаенняў, мэбля з Беларусі не падпадае пад санкцыі, накладзеныя Бруселем на рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
Пасля пачатку вайны ва Украіне экспарт мэблі з Беларусі спачатку скараціўся, але потым стабілізаваўся. У цяперашні час дамовы з беларускімі экспарцёрамі эфектыўна рэалізуюцца, што пацвярджаюць актуальныя мытныя дадзеныя з розных еўрапейскіх краін.
Паводле іх, за першыя шэсць месяцаў бягучага года краіны ЕС набылі ў Беларусі мэблю на 97,2 мільёна еўра. Найбольшая частка гэтага імпарту прыпадае на Польшчу і Германію, за імі ідуць Нідэрланды, Літва і Латвія, Румынія, Эстонія і Францыя.
Нямецкія СМІ паведамляюць, што такія арганізацыі, як Earthsight і B4Ukraine, патрабуюць увесці санкцыі на мэблю з Беларусі. Мэбля з Расіі ўжо ў спісе тавараў, увоз якіх забаронены ў ЕС. Няўрадавыя арганізацыі хочуць, каб санкцыі закранулі таксама паперу і цэлюлозу, імпарт якіх пасля нападу Расіі на Украіну не толькі не скараціўся, але нават павялічыўся. Можна падазраваць, што праз Беларусь свае тавары на Захад прадае Расія, канстатуе газета.
аз