Аднак, эканамісты зазначаюць, што сітуацыя неўзабаве зменіцца. Праз пару месяцаў эканамічны рост у Польшчы адновіцца.
Нядаўна Галоўнае статыстычнае ўпраўленне (ГУС) Польшчы апублікавала апошнія падлікі Валавога ўнутранага прадукту (ВУП) Польшчы за 2022 годзе. Летась польскі ВУП вырас на 5,3%. Зусім інакш выглядае сітуацыя цяпер. Апублікаваныя дадзеныя ГУС за бягучы год сведчаць, што польская эканоміка балансуе на мяжы рэцэсіі. Полькі ВУП у другім квартале 2023 года знізіўся на 0,6%, што азначае паглыбленне адмоўнай дынамікі з першага квартала, калі ВУП скараціўся на 0,3%.
Польская рэцэсія звязана з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў Заходняй Еўропе, у першую чаргу ў Германіі, якая з’яўляецца важным партнёрам для Польшчы. Задышка польскай эканомікі тлумачыцца яшчэ павышэннем працэнтных ставак і высокай інфляцыяй. Гэта ўплывае на спажыўцоў, чые рэальныя наяўныя даходы скарачаюцца, і яны менш трацяць на прадукты і паслугі, што прыводзіць да змяншэння даходаў кампаній.
Гэта адбіваецца на настроях польскіх прадпрымальнікаў. PMI для польскай прамысловасці ў кастрычніку склаў 44,5 пункта ў параўнанні з 43,9 пункта месяцам раней, гаворыцца ў справаздачы S&P Global. Пры гэтым ацэнка PMI вышэй за 50 пунктаў паказвае на паляпшэнне, ніжэй - на пагаршэнне настрояў, што прыводзіць да скарачэнні прамысловай вытворчасці, тлумачыць Сяргей Дручын з Польскага эканамічнага інстытута.
- Прадпрымальнікі скардзяцца на недастатковы партфель замоў, эканамічнае запаволенне ў Германіі ўплывае на настроі прадпрымальнікаў у Польшчы. Больш за тое, горшыя вынікі паказвае эканоміка іншых краін Еўрасаюза. Аднак мы бачым, што ў Польшчы новыя замовы скарачаюцца, але больш павольна. Раней фірмы запаволілі выраб новай прадукцыі, каб хутчэй распрадаць складскія запасы. Даследаванне ГУС таксама сведчыць пра пагаршэнне кан'юнктуры ў прамысловасці. Ацэнка бягучай эканамічнай сітуацыі прадпрыемствамі на даволі нізкім узроўні.
Эканоміка Польшчы і Еўропы змагаецца за выхад са стагнацыі, самае горшае ўжо ззаду, сцвярджаецца ў справаздачы European Economic Outlook, падрыхтаванай Групай эканамічнага аналізу фірмы EY. Чакаецца, што эканамічны рост у еўразоне паскорыцца да 1,1% у наступным годзе і да 1,5% у 2025 годзе. Значна мацнейшы рывок будзе ў эканоміцы краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, у тым ліку Польшчы. На 2024-25 гады эканамісты EY прагназуюць стабілізацыю росту польскага ВУП на ўзроўні 3,3%. У якасці пазітыўных фактараў яны праводзяць аднаўленне спажывання, якое расце ва ўмовах скарачэння інфляцыі, і новымі інвестыцыямі з фондаў ЕС. Таксама высокія тэмпы інвестыцый дэманструюць польскія буйныя канцэрны.
Так за дзевяць месяцаў бягучага года капітальныя выдаткі энергетычнага канцэрну Orlen перавысілі 20 мільярдаў злотых. Сябра праўлення кампаніі Ян Шэўчак сказаў, што кампанія рэалізуе інвестыцыйныя планы на гэты год на ўзроўні 36 мільярдаў злотых.
- Недзе 30 мільярдаў злотых ужо пайшло на інвестыцыі. Гэта ў 2 разы больш чым у мінулым годзе. Пры гэтым 70% ад гэтай суму пайшло на праекты па развіццю энергетыкі. Мы бачым у гэтым рычаг эканамічнага росту ды гарант энергетычнай бяспекі ды сыравіннай незалежнасці Польшчы.
Добрыя вынікі дэманструе таксама аўтамабільная прамысловасць у Польшчы. Сектар развіваецца, нягледзячы на эканамічныя праблемы. Кампаніі хочуць працаўладкаваць больш людзей. 40 працэнтаў кампаніі аўтамабільнай прамысловасці плануюць наняць супрацоўнікаў у бліжэйшыя тры месяцы - гаворыцца ў апошняй справаздачы Gremi Personal.
Іншым пазітыўным паказнікам для эканомікі з’яўляецца запаволенне росту цэн у ЕС. Верасень стаў адзінаццатым месяцам запар, у якім агульны рост коштаў у ЕС запаволіўся, на гэты раз да 4,9% у гадавым вылічэнні. Толькі ў адной краіне - Венгрыі - інфляцыя перавысіла 10%, гаворыцца ў справаздачы Польскага фонду развіцця. Зыходзячы ж з прагнозаў Міжнароднага фонду развіцця і Еўракамісіі, сярэднегадавая інфляцыя ў 2024 годзе ў Еўрапейскім саюзе складзе каля 3,5%, а ў 2025 годзе — каля 2,5%.
У Польшчы дадаткова сітуацыю стабілізуе нізкі дзяржаўны доўг і добры стан публічных фінансаў. Урад удвая павялічыў бюджэт у параўнанні з 2015 годам, заявіў намеснік міністра дзяржаўнай маёмасці Анджэй Сьліўка.
- Дастаткова паглядзець на апошнія дадзеныя, калі мы параўнаем даходы ў 2015-м годзе на суму 280 мільярдаў, а ў гэтым годзе маем 600 мільярдаў. Калі паглядзець на выдаткі, дык у 2015 годзе было 330 мільярдаў злотых, а цяпер амаль 700. Мы ў два разы павялічылі бюджэт.
Як паведаміў намеснік міністра, былі павялічаныя сродкі, у тым ліку на сацыяльныя праграмы:
- 30 мільярдаў у 2015-м годзе да 130 мільярдаў цяпер. На 100 мільярдаў мы павялічылі фінансаванне польскай арміі, не кажучы ўжо пра падтрымку для самакіравання, якая вырасла таксама на 100%, напрыклад, выдаткі на адукацыю выраслі на 20 мільярдаў.
Дзярждоўг знаходзіцца ў межах нарматываў, — падкрэсліў чыноўнік.
- Што тычыцца дзяржаўнага доўгу, гэта паказчык звязаны з дзяржаўным бюджэтам. На сёння доўг складае 39% ВУП, а канстытуцыя вызначае мяжу на ўзроўні 60%. Калі дадаць да дзяржаўнага доўгу яшчэ і пазабюджэтныя траты, якія рэалізуюцца праз Польскі фонд развіцца, Банк нацыянальнай эканомікі, разам маем 49%, што значна ніжэй за 60% парог, і нашмат менш таго, што назіраецца ў еўразоне.
Польскі палітыкі кажуць, што, зыходзячы з цяперашніх дадзеных, няма рызыкі перавышэння запланаванага на гэты год бюджэтнага дэфіцыту Польшчу разам з Ірландыяй, Галандыяй, Францыяй ды Італіяй называюць адным з матораў эканамічнага росту Еўрапейскага Саюза.
Юры Ліхтаровіч