Беларуская Служба

Можна спачуваць таму, хто ў другім паўгоддзі 2023 года хоча купіць кватэру ў вялікім польскім горадзе

23.11.2023 15:42
Існуе мяжа цаны, за якой нават багатыя людзі шукаюць альтэрнатыву.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Shutterstock/XanderSt

Партал Forsal.pl спачувае таму, хто ў другім паўгоддзі бягучага года хацеў набыць кватэру ў вялікім горадзе Польшчы, асабліва невялікую па плошчы. Прапановы знікаюць адразу пасля публікацыі на парталах, прадаўцы практычна не жадаюць весці перамовы, таргуюцца, хто дасць больш.

Але гэта датычыць буйных гарадоў, дзе дэмаграфічная праблема вырашаецца міграцыяй з меншых населеных пунктаў і эміграцыяй з іншых краін – Варшавы, Кракава, Труймяста і Уроцлава. Таму ў некаторых гарадах і ў асобных сегментах цэны на кватэры выраслі за год амаль на 30%, а, напрыклад, у невялікім Улацлаўку ўпалі на 15%.

Эксперты адзначаюць, што ў вочы кідаецца дыяпазон цэнаў. Не толькі паміж асобнымі гарадамі, але і паміж раёнамі, першасным і другасным рынкамі. У самых прэстыжных раёнах Варшавы, такіх як Вілянаў або Жалібож, 20 тыс. злотых і больш за квадратны метр на першасным рынку сёння нікога не здзіўляюць, а ў Бялалэнцы можна знайсці прапановы за 10-12 тыс. злотых. У той час як у Сілезіі, Забжэ, Хожуве можна купіць кватэру на другасным рынку за 4000 злотых за метр.

«Мой базавы прагноз на будучы год – намінальны рост коштаў на жыллё на 10-15%. Калі ў 2024 годзе вырастуць заробкі, адпаведна вырастуць і цэны на нерухомасць. За апошнія 16 гадоў цэны на кватэры на другасным рынку ў Варшаве намінальна павялічыліся больш чым на 90%, але ў рэальным выражэнні менш чым на 9 адсоткаў», – кажа Вальдэмар Рагоўскі, прафесар Варшаўскай школы эканомікі і галоўны аналітык Бюро крэдытнай інфармацыі.

Нядаўна амерыканцы выявілі, што існуе цэнавая мяжа, за якой нават багатыя людзі шукаюць альтэрнатыву.

Так адбылося ў Сіліконавай даліне ў ЗША. Цэны на нерухомасць там выраслі настолькі, што высокааплатныя ІТ-спецыялісты, якім пандэмія дала магчымасць працаваць дыстанцыйна, пераехалі ў штат Тэхас. Гэта так, калі б айцішнікі з Варшавы масава пераехалі ў Шчэцін.

нг