Беларуская Служба

Эксперт: Ключавая перашкода да росту эканомікі Беларусі – дэфіцыт работнікаў

27.12.2023 15:31
Магчымасці для росту беларускай эканомікі вычэрпваюцца, напрыканцы года пачала разганяцца інфляцыя. Даследчыцкі цэнтр BEROC прадставіў экспрэс-аналіз вынікаў працы беларускай эканомікі паводле 11 месяцаў бягучага года.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Фота: Dzerkach Viktar / Shutterstock.com

Кіраўніцтва Беларусі робіць шэраг адміністрацыйных крокаў, якія рэгулююць працэсы ў эканоміцы. Гэта стрымлівае інфляцыю, рост цэн, але прывяло да разбалансаванасці.

І ўрэшце, як кажа эксперт BEROC Анатоль Харытончык, магчымасці для росту эканомікі сканчаюцца. Пры тым што рост ВУП Беларусі па выніках 2023 года складзе каля 4 працэнтаў, але ў наступным годзе ён, хутчэй за ўсё, не пакажа такія вынікі.

– Мы бачым, што стымуляванне ўнутранага попыту мяккай эканамічнай палітыкай не ўстане забяспечыць, як і чакалася, устойлівага расшырэння выпуска тавараў і паслуг. Бок прапановы ўсё больш адчувае абмежаванні, як то дэфіцыт работнікаў, недахоп вытворчых магутнасцяў, складанасці ў пастаўках і не можа хутка падстройвацца пад завялікі попыт. У выніку эканоміка разбалансаваная. Попыт перавышае прапанову, інфляцыйныя ціск павялічваецца – мы бачым паскарэнне тэмпаў інфляцыі, а стан знешняга гандлю ў бягучым годзе пагоршыўся, – тлумачыць Анатоль Харытончык.

Ключавая перашкода да росту эканомікі Беларусі цяпер – дэфіцыт работнікаў

Эканоміка Беларусі напрыканцы 2023  года Эканоміка Беларусі напрыканцы 2023 года


Ён звяртае ўвагу, што апошнія два месяцы ВУП расце павольнейшымі тэмпамі (у студзені-лістападзе прырост ВУП склаў 3, 8%). Такія ж паказчыкі фіксаваліся па выніках студзеня-кастрычніка. Анатоль Харытончык працягвае ўказваць на перагрэў беларускай эканомікі.

«Аб’ём ВУП у эканоміцы прыкладна на 2-3 працэнты перавышае свой раўнавесны, інфляцыйна нейтральны ўзровень. Гэты перагрэў эканомікі азначае, што рост ВУП у бягучым годзе, які складзецца каля 4% па выніках года, толькі часткова насіў аднаўленчы характар. Гэта каля 2,5 працэнтных пункта з гэтых чатырох пунктаў з'яўляюцца аднаўленчым ростам пасля спаду мінулага года. Яшчэ прыкладна 1,5 працэнтных пункта на працягу года – гэта вынік залішняга стымулявання эканомікі грашова-крэдытнай палітыкай, нарошчваннем бюджэтных расходаў, і я называю гэта імпартам перагрэву з Расіі, дзе эканоміка таксама моцна перагрэтая маштабным бюджэтным стымулам, які адлюстроўваецца з улікам іх цяперашніх прыярытэтаў у моцным росце ваенна-прамысловага комплексу і будаўніцтва», – кажа эканаміст.

У эканоміцы Беларусі цяпер назіраецца разбалансіроўка попыту і прапановы. І гэта пацвярджаецца загрузкай вытворчых магутнасцяў. Па дадзеных Мінэканомікі, яна дасягнула 70% у верасні.

Ключавая перашкода да росту эканомікі Беларусі цяпер – дэфіцыт работнікаў. Далейшы ўстойлівы рост можа забяспечыць павышэнне прадукцыйнасці працы, але гэта завязана на тэхналогіі, што не можа быць імгненным працэсам.

Спажывецкая актыўнасць – інертная з’ява, таму яна будзе заставацца высокай у найбліжэйшыя месяцы. Аднак у далейшым чакаецца, што яе імпульс будзе слабець. Абмежаванні, якія ёсць у вытворчасці, прыводзяць да росту імпарту тавараў. У гэтым годзе Беларусь вярнулася да дэфіцыту знешняга гандлю таварамі: імпарт устойліва перавышае экспарт.

Пад канец года ў Беларусі пачалі расці тэмпы інфляцыі, у лістападзе гадавая інфляцыя паскорылася да 5,4%, пры гэтым рэгуляваныя цэны ўжо растуць больш высокімі тэмпамі. Рост цэн мае перадумовы да павышэння ў першай палове 2024 года, хаця ўрад будзе працягваць палітыку стрымлівання.

На думку эканаміста Анатоля Харытончыка, у 2024 годзе было б правільна запаволіць рост ВУП у межах да 1%.

вх