Беларуская Служба

Крызіс у Чырвоным моры пагражае пастаўкам ЗПГ у Польшчу

16.01.2024 12:13
Танкеры Al Ghariya, Al Huwaila і Al Nuaman загрузілі ЗПГ, прызначаны ў тым ліку Польшчы, у Рас-Лафане, Катар, і павінны былі рушыць да Суэцкага канала, але 14 студзеня ім прыйшлося стаць на якар ля берагоў Амана.
Terminal LNG im. Prezydenta Lecha Kaczyńskiego w Świnoujściu notuje rekordowe dostawy skroplonego gazu
Terminal LNG im. Prezydenta Lecha Kaczyńskiego w Świnoujściu notuje rekordowe dostawy skroplonego gazuShutterstock/Mike Mireen

Дзяржаўная кампанія QatarEnergy прыпыняе транспарціроўку звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) праз Чырвонае мора з меркаванняў бяспекі, але не спыняе вытворчасці, – піша польскі партал energetyka24.com.

Калі пераход праз Чырвонае мора застанецца небяспечным з-за нападаў на караблі баевікоў еменскага руху хусітаў, катарская кампанія накіруе свае грузы кружным шляхам вакол Афрыкі ў раёне мыса Добрай Надзеі.

Танкеры Al Ghariya, Al Huwaila і Al Nuaman загрузілі ЗПГ, прызначаны ў тым ліку Польшчы, у Рас-Лафане, Катар, і павінны былі рушыць да Суэцкага канала, але 14 студзеня ім прыйшлося стаць на якар ля берагоў Амана. Карабель Al Rekayyat, які накіроўваўся назад у Катар, спыніўся 13 студзеня.

Чакаецца, што перанакіраванне суднаў вакол паўднёвай ускраіны Афрыкі будзе каштаваць да 1 млн долараў дадатковага паліва для кожнай паездкі туды і назад паміж Азіяй і Паўночнай Еўропай. Асцярогі з нагоды патэнцыйных перабояў у пастаўках з Блізкага Усходу пасля нападаў у Чырвоным моры падштурхнулі цэны на нафту.

Напады шыіцкіх і праіранскіх баевікоў хусітаў на караблі ў Чырвоным моры паўтараюцца з пачатку вайны Ізраіля з палестынскім ХАМАС. З пятніцы, 12 студзеня ВПС ЗША і Вялікабрытаніі пры матэрыяльна-тэхнічнай падтрымцы Аўстраліі, Бахрэйна, Канады і Нідэрландаў нанеслі ўдары па аб'ектах Емена, якія належаць паўстанцам хусітам. Гэта быў прамы адказ Захаду на напады на гандлёвыя караблі ў Чырвоным моры.

эж