З-за чэргаў на пераходах знізілася рэнтабельнасць грузаперавозак, а кіроўцы не хочуць прымаць заказы ў гэтым кірунку.
– Наступствы блакавання памежных пераходаў уключаюць: падаўжэнне часу перавозкі грузаў, павелічэнне транспартных ставак, зніжэнне продажаў польскіх кампаній за ўсходнюю мяжу і больш высокія кошты на прадукты, якія пастаўляюцца з Еўрасаюза, у тым ліку з Польшчы, ва Украіну, – кажа выданню Dziennik Gazeta Prawna Губерт Белабжэскі, менеджар у лагістычнай кампаніі Rohlig SUUS Logistics.
Транспартнікі пацвярджаюць, што кошт транспарту, які ўпаў пасля спынення пратэстаў перавозчыкаў, зноў вырас.
– Замест 2 тысяч еўра курс зноў каштуе 4-5 тысяч еўра. На кошт уплываюць, сярод іншага: сутачная стаўка, якую трэба заплаціць кіроўцу, які стаіць на мяжы некалькі дзён замест некалькіх гадзінаў, – кажа Агнешка Пшыступа, дырэктар транспартнага прадпрыемства Vervo. Сутачная стаўка для кіроўцы - гэта 350-380 зл (80-90 еўра). Да гэтага трэба далічыць кошт паліва, кошт працы халадзільнай устаноўкі, калі грузавік вязе харчы, якія мусіць захоўвацца ў адпаведнай тэмпературы. Большы кошт таксама з'яўляецца кампенсацыяй для прадпрыемства за тое, што замест 2-3 курсаў на тыдзень ва Украіну можна зрабіць толькі адзін.
- Заробак стаў на 20-30% меншы, – адзначаюць транспартнікі.
Праблемы перавозчыкаў перакладаюцца на экспедыцыйныя кампаніі. Заказчыкі не хочуць плаціць больш, тым больш, што на замоўлены тавар мусяць чакаць даўжэй і няма гарантыі якасці.
- Бо нават харчы з кароткім тэрмінам прыдатнасці не прапускаюцца ў пазачарговым парадку, – кажа Войцех Сікора з кампаніі Rotis Spedycja.
Змяншаецца таксама колькасць грузатранспартных кампаній, якія хочуць абслугоўваць Украіну. Кіроўцы скардзяцца на ўмовы працы: няма як памыцца, каб паесці яны вымушаны пакінуць грузавік на паркінгу, хаця гэта не дазваляецца правіламі, і шукаюць бліжэйшую краму ці сталовую.
Бальшыню грузаперавозак перанялі ўкраінскія кампаніі, іх кіроўцы зарабляюць на палову менш, чым польскія.
Польскія транспартныя кампаніі спрабуюць шукаць альтэрнатыўныя шляхі праз іншыя краіны, напрыклад, Славакію ці Венгрыю. Аднак праблема заключаецца ў меншай прапускной магчымасці пераходаў з гэтымі краінамі і дарога абыходзіцца даражэй у сувязі з адлегласцю, піша Патрыцыя Отто ў выданні Dziennik Gazeta Prawna.
яс