Беларуская Служба

Бюракратыя забівае інавацыйныя біятэхналагічныя кампаніі ў Польшчы

23.02.2024 10:01
Біятэхналагічныя кампаніі ў Польшчы скардзяцца на працу Польскага агенцтва па развіцці прадпрымальніцтва.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.ckstockphoto/pixabay.com/CC0 Public Domain

Шматмесячныя затрымкі ў конкурсах, загружаны офіс і камісіі, якія не разумеюць бізнес-мадэлі галін, якія ацэньваюць – гэта спіс абвінавачванняў, якія біятэхналагічныя кампаніі ў Польшчы накіроўваюць на адрас Польскага агенцтва па развіцці прадпрымальніцтва, паведамляе Puls Biznesu.

Газета падкрэслівае, што агенцтва стала галоўным размеркавальнікам сродкаў Еўрасаюза на даследаванні і распрацоўкі, хаця раней – у рамках праграмы Еўрасаюза, гэтым займаўся Нацыянальны цэнтр даследаванняў і развіцця.

У канцы сакавіка мінулага года Польскае агенцтва па развіцці прадпрымальніцтва распачало другі прыём заявак у рамках гэтак званай хуткай дарожкі для кампаній, якія працаўладкоўваюць да 250 супрацоўнікаў або маюць гадавыя абароты меншыя чым 50 мільёнаў еўра. У асноўным, пад згаданыя патрабаванні падпадаюць практычна ўсе інавацыйныя стартапы, а таксама малыя і сярэднія кампаніі ў Польшчы. Паводле выдання, у рамках згаданай праграмы ў агенцтва паступіла больш за 2,7 тысячы праектаў.

«Тэрміны падвядзення вынікаў конкурсаў, разгляду апеляцый і экспертных камісіі, ад якіх залежыць выдзяленне фінансавання, сталі кур’ёзнымі з таго часу, як Польскае агенцтва па развіцці прадпрымальніцтва стала адказваць за большасць навукова-даследчых праграм і распрацовак. Усё зацягваецца. Колькасць заявак проста перавысіла магчымасці агенцтва ў чыста лагістычным плане», – кажа ў размове з газетай старшыня Польскай асацыяцыі інавацыйных медыцынскіх біятэхналагічных кампаній BioInMed Марта Вінярска. Асацыяцыя аб'ядноўвае 19 польскіх біятэхналагічных кампаній, амаль палова з якіх каціруецца на фондавай біржы.

Вінярска звяртае ўвагу на небяспечнае запаволеннем фінансавання польскіх інавацый, што, паводле яе, можа прывесці да банкруцтва меншых прадпрыемстваў.

«Пакутуюць, перш за ўсё, тэхналагічна развітыя сектары, паколькі агенцтва не ў стане ацаніць фактычную інавацыйнасць іхных праектаў. Праекты, якія не простыя, не танныя і не кароткія ў значнай ступені пазбаўленыя дзяржаўнай падтрымкі», – скардзіцца Вінярска.

У сярэдзіне лютага агенцтва абвясціла, што працэс ацэнкі заявак, пададзеных у рамках другога набору ў праграму «Еўрапейскія фонды для сучаснай эканомікі», будзе падоўжаны з-за іх вялікай колькасці.

Першыя сустрэчы экспертных групаў павінны адбыцца 28 лютага 2024 года. Польскае агенцтва па развіцці прадпрымальніцтва аб’яцае прыкласці намаганні, каб завяршыць ацэнку перададзеных праектаў да канца жніўня пачатку верасня 2024 года, паведамляе газета.

аз