Вытворчасць энергіі з каменнага і бурага вугалю ў Польшчы знізілася на 20%. Адбылася значная змена ў балансе крыніц энергіі ў Польшчы. На гэта, безумоўна, уплывае попыт на электраэнергію, які адносна невялікі, – заявіла кіраўніца Forum Energii, даследчыца Ёана Пандора, падчас вебінара «Трансфармацыя без рулявога». Яе меркаванні былі надрукаваныя парталам biznesalert.pl.
Прадстаўленыя падчас вебінару дадзеныя сведчаць пра рост уплыву Саўдаўскай Аравіі на рынку выкапнёвага паліва ў Польшчы. Гэта з'ява выклікае як надзеі на стабільныя пастаўкі, так і асцярогі празмернай залежнасці ад аднаго пастаўшчыка.
– Кошт імпарту выкапнёвага паліва вельмі высокі. Саудаўская Аравія стала буйным пастаўшчыком сыравіны. Кампаніі Саудаўскай Аравіі атрымалі 30 мільярдаў злотых, – удакладніла кіраўніца аналітычнага асяродка Forum Energii.
Польшча сутыкаецца з праблемай пераўтварэння свайго энергетычнага сектара ўстойлівым, эфектыўным і канкурэнтаздольным спосабам. Справаздача «Энергетычная трансфармацыя ў Польшчы», падрыхтаваная Forum Energii, паказвае карціну прагрэсу і выклікаў, якія краіна павінна пераадолець, каб дасягнуць амбіцыйных мэтаў, звязаных з дэкарбанізацыяй і павышэннем энергетычнай бяспекі.
2023 год стаў годам значных змен у энергетычным балансе Польшчы. Хоць вугаль застаецца асноўнай крыніцай электраэнергіі, яго доля знізілася да гістарычна нізкага ўзроўню ў 60,5%.
Рост вытворчасці энергіі з аднаўляльных крыніц энергіі дасягнуў 27%, што зʼяўляецца важным крокам на шляху да дыверсіфікацыі крыніц энергіі. Аднак павелічэнне вытворчасці энергіі з прыроднага газу больш чым на 40% паказвае, што трансфармацыя пакуль не аднабаковы працэс.
эж