Беларуская Служба

Мандат еўрадэпутата не толькі прэстыжны, але і фінансава прывабны

10.06.2024 14:01
Еўрадэпутаты могуць разлічваць на прывабную зарплату, а таксама шматлікія льготы.
Здымак мае ілюстрацыйны характарe-gabi/pixabay.com/CC0 Public Domain

Палякі абралі 53 еўрадэпутатаў, якія будуць прадстаўляць краіну ў Еўрапарламенце. За сваю працу ў ЕП, яны могуць разлічваць на прывабную зарплату, а таксама шматлікія льготы, паведамляе штодзёнка Fakt.

Базавы заробак дэпутата Еўрапарламента складае 10 тысяч 75 еўра з улікам падаткаў і збораў. Пасля іх адлічэння – застаецца каля 7 тысяч 854 еўра і гэта надалей шмат у параўнанні, напрыклад, з заробкам дэпутата польскага Сейма, які складае больш за 2 990 еўра з улікам падаткаў і збораў.

Аднак гэта не канец выгадаў. Члены Еўрапарламента маюць права на кампенсацыю выдаткаў, звязаных з выкананнем імі парламенцкіх абавязкаў. Сродкі на агульныя выдаткі складаюць 4 950 еўра ў месяц. З іх еўрадэпутаты фінансуюць арэнду офіса, набыццё абсталявання і канцтавараў, тэлефон і інтэрнэт.

Акрамя таго, на пакрыццё выдаткаў, звязаных са знаходжаннем у Еўрапарламенце, такіх як пражыванне і харчаванне, за кожны дзень еўрадэпутат атрымлівае сродкі ў памеры 350 еўра. Каб атрымаць згаданыя сродкі трэба пацвердзіць сваю прысутнасць у адным з афіцыйных спісаў яўкі.

Еўрадэпутаты таксама могуць разлічваць на кампенсацыю коштаў даезду на паседжанні, якія праходзяць пераважна ў Бруселі і Страсбургу. Гаворка ідзе пра кошт білетаў, аплату за праезд па аўтастрадзе або за дадатковы багаж.

Дадатковыя льготы ўключаюць таксама кампенсацыю медыцынскіх выдаткаў у памеры да дзвюх трацін панесеных коштаў, выкарыстанне службовага транспарту і дадатковую зарплату пасля заканчэння тэрміну паўнамоцтваў у ЕП.

Еўрадэпутаты таксама маюць права выйсці на пенсію пасля заканчэння 63 году жыцця. Пенсія складае 3,5 працэнта ўзнагароджання за кожны год працы ў парламенце, але не больш за 70 працэнтаў базавай зарплаты.

аз