Беларуская Служба

Сёлета палякі могуць купіць 20 тон золата

18.05.2025 08:03
Палякі часцей за ўсё набываюць зліткі вагой у адну ўнцыю і альбо 100-грамовыя зліткі, а таксама залатыя манеты.
Залатыя зліткіShutterstock/Aleksandar Grozdanovski

2025 год можа стаць рэкордным для польскага рынку золата як з пункту гледжання цэн, так і аб'ёмаў продажаў, кажуць эксперты фірмы Mennica Skarbowa, якая з'яўляецца адным з найбуйнейшых у краіне прадаўцоў інвестыцыйнага золата і іншых каштоўных металаў. Пра гэта паведамляе газета Rzeczpospolita.

Кампанія завяршыла першы квартал гэтага года з больш чым 270 млн злотых (64 млн 280 тыс. еўра) дахода, што азначае рост амаль на 50% у параўнанні з папярэднім годам. У фірме мяркуюць, што калі тэндэнцыя росту продажаў захаваецца на цяперашнім узроўні ў бліжэйшыя месяцы, то палякі могуць купіць больш за 20 тон золата ў 2025 годзе, што будзе абсалютным рэкордам у гісторыі краіны.

Рэкордны рост продажаў фіксуюць таксама іншыя кампаніі, якія прадаюць золата і іншыя каштоўныя металы. Высокі попыт на золата назіраецца таксама ў цэлым свеце.

Цягам 10 гадоў сусветныя цэны на золата б'юць рэкорды. Так, у красавіку цана ўнцыі (28,34 г) пераадолела бар'ер у 3 тыс. 500 долараў, а ва ўсім свеце было прададзена 1 тыс. 206 тон золата.

Золата купляюць не толькі фізічныя асобы, але і банкі, у тым ліку Нацыянальны банк Польшчы. Старшыня праўлення польскага цэнтрабанка Адам Глапіньскі ў пачатку мая пахваліўся залатымі запасамі, якія цяпер перавышаюць 509 тон – гэта на 61 тону больш, чым у канцы снежня мінулага года. Паводле яго, з такімі запасамі Польшча займае 12-е месца ў сусветным рэйтынгу залатых рэзерваў цэнтрабанкаў, апярэджваючы нават Еўрапейскі цэнтральны банк.

У першыя месяцы 2025 года назіраўся вялікі попыт на залатыя зліткі і манеты – некаторыя кампаніі павялічылі продажы на 80% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Палякі часцей за ўсё набываюць зліткі вагой у адну ўнцыю і альбо 100-грамовыя зліткі, а таксама залатыя манеты, для прыкладу, папулярную манету, якая называецца «Кенгуру» і якая чаканіцца аўстралійскім манетным дваром.

вс