Беларуская Служба

Чаму штучны інтэлект у большай ступені пагражае жанчынам, чым мужчынам?

01.07.2025 15:01
У Польшчы быў створаны індэкс прафесій, на якія генератыўны штучны інтэлект можа аказаць найбольшы ўплыў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Brian Penny/pixabay.com/CC0 Public Domain

Каля пяці мільёнаў працоўных месцаў, то бок больш за 30 працэнтаў, можна часткова аўтаматызаваць з дапамогай генератыўнага штучнага інтэлекту. Навукова-акадэмічная камп'ютарная сетка – Нацыянальны навукова-даследчы інстытут (NASK) і Міжнародная арганізацыя працы стварылі індэкс прафесій, на якія генератыўны штучны інтэлект (GenIA) можа аказаць найбольшы ўплыў.

Як паведаміў суаўтар даследавання Павел Гмырэк(Paweł Gmyrek) з Міжнароднай арганізацыі працы, генератыўны штучны інтэлект можа аказаць значны ўплыў на 39 працэнтаў прафесій, якія выконваюць жанчыны:

- Нягледзячы на ўсе цывілізацыйныя перамены, жанчыны надалей выконваюць прафесіі, якім наступствы аўтаматызацыі і штучны інтэлект «пагражаюць» у найбольшай ступені. У прыватнасці, гаворка ідзе пра офісную і адміністрацыйную працу, якую ў большасці выконваюць менавіта жанчыны.

Марэк Трашыньскі(Marek Troszyński) з Аддзела даследаванняў і аналізаў NASK запэўнівае, што выкарыстанне штучнага інтэлекту не азначае, што некаторыя прафесіі наогул знікнуць з рынку працы:

- Гэта не азначае, што прафесія, напрыклад, сакратара знікне. Аднак некаторыя віды дзейнасці, напрыклад, адказы на стандартныя электронныя лісты, будуць аўтаматызаваныя. Зразумела, мне ўсё роўна трэба будзе прыняць рашэнне, ці адправіць ліст, але я не буду прымушаны яго пісаць – гэта зробіць за мяне штучны інтэлект. Падсумоўваючы, зменяцца кампетэнцыі ў рамках згаданай прафесіі.

У сваю чаргу дырэктар Аддзела даследаванняў і аналізаў NASK Філіп Канапчыньскі(Filip Konopczyński), лічыць, што выкарыстанне штучнага інтэлекту прыносіць пэўныя перавагі на рынку працы:

- Не трэба ўпадаць у крайні песімізм. У грамадствах, такіх як польскае, дзе больш людзей сыходзіць з рынку працы, чым на яго паступае, генератыўны штучны інтэлект – гэта шанец. У нейкі момант – гэта можа быць лек для эканомікі ад недахопу рабочай сілы. Зразумела, гэта патрабуе скаардынаваных дзеянняў.

З дапамогай дадзеных Навукова-акадэмічнай кампʼютарнай сеткі – Нацыянальнага навукова-даследчага інстытута можна праверыць, наколькі пэўным прафесіям пагражае аўтаматызацыя з дапамогай штучнага інтэлекту.

Польская класіфікацыя змяшчае больш за 2 500 прафесій і амаль 30 000 задач, якія могуць быць замененыя і аўтаматызаваныя пры дапамозе штучнага інтэлекту.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі

Пісьменнікі звярнуліся да выдаўцоў не выдаваць кнігі, напісаныя штучным інтэлектам

29.06.2025 17:02
Больш за 1100 чалавек падпісалі ліст на працягу 24 гадзін.